Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч камэнтуе абвастрэньне сытуацыі вакол Крыму.

«Вельмі важна разумець, што Расея перайшла мяжу. Яна распачала вайсковую агрэсію ва Ўсходняй Эўропе. Наш рэгіён ужо ня будзе такім, якім быў яшчэ два дні таму. Скончыліся размовы пра братэрства народаў, славянскае адзінства. Пачаліся танкі, вайсковы спэцназ, баявая авіяцыя», — кажа Янукевіч.

«Натуральна, гэта вар’яцтва, выкліканае ў тым ліку адсутнасьцю рэакцыі з боку дэмакратычных краінаў Захаду на грузінскую авантуру. Напад на Ўкраіну — пачатак канца рэжыму Пуціна і самога існаваньня Расейскай імпэрыі. Аднак сёньня ад рэакцыі трох краінаў, а гэта ЗША, Вялікая Брытанія і Нямеччына, залежыць, ці будзе гэты канец хуткі і закране выключна пуцінскі рэжым, ці перад сваім сыходам Пуцін здолее заліць крывёй усю Эўропу. Лідэрам названых краінаў трэба прачнуцца і пачаць дзейнічаць неадкладна — яшчэ ёсьць шанец спыніць Пуціна без выкарыстаньня зброі, але з кожным днём такім шанцы будуць імкліва памяншацца».


Адказваючы на пытаньне, чаму маўчыць афіцыйны Менск, Янукевіч заявіў: «Пазыцыя афіцыйнага Менска ў гэтай сытуацыі слушная і цалкам адэкватная. Уладзімер Макей выказаўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і заявіў пра тое, што Ўкраіна зьяўляецца партнэрскай краінай для Беларусі. Відавочна, што беларускія ўлады ня могуць пайсьці на адкрытую канфрантацыю з Крамлём, аднак нават тая нейтральнай пазыцыя, агучаная Макеем, паказвае, што афіцыйны Менск не жадае станавіцца на бок Масквы ў гэтым канфлікце. Гэта самае важнае — Масква ў сваёй вайсковай агрэсіі супраць Украіны застаецца адна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG