Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ Украіны хоча аднаго: права вызначаць уласную будучыню — мірна, палітычным шляхам, ва ўмовах стабільнасьці, і ЗША падтрымліваюць украінцаў, як усе 22 гады, і даб’юцца аднаўленьня іх праваў, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры.

Злучаныя Штаты асуджаюць уварваньне Расеі ва Ўкраіну і акупацыю ўкраінскай тэрыторыі, заявіў ён позна вечарам у суботу па амэрыканскім часе.

ЗША таксама асуджаюць парушэньне Расеяй сувэрэнітэту Украіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці, што цалкам супярэчыць абавязальніцтвам Расеі па статуту ААН, Хельсінскім актам АБСЭ, яе базавым дамовам з Украінай 1997 году і Будапешцкаму мэмарандуму 1994 года, сказаў Кэры.

Гэтыя дзеяньні Расеі прадстаўляюць пагрозу міру і бясьпекі Украіны і ўсяму рэгіёну, адзначыў ён.

Калі Расея не прыме неадкладных і канкрэтных крокаў на зьніжэньне напружанасьці, наступствы для адносін ЗША з Расеяй і міжнароднага становішча Расеі будуць глыбокія, перасьцярог Джон Кэры.

Як гаворыцца ў заяве дзяржсакратара, ён размаўляў з в. а. прэзыдэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым і запэўніў яго ў цьвёрдай падтрымцы ЗША.

Кэры адзначыў новы ўрад Украіны за надзвычайную стрыманасьць перад відавочнай пагрозай цэласнасьці іх дзяржавы і нападамі на яе сувэрэнітэт, гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Ён дадаў, што ЗША заклікаюць урад Украіны працягваць, як ён гэта рабіў з пачатку крызісу, выразна пацьвярджаць сваё абавязальніцтва абараняць правы ўсіх украінцаў і выконваць свае міжнародныя абавязкі.

Дзяржсакратар паведаміў, што ў гэты дзень была тэлеканфэрэнцыя з калегамі з усяго сьвету, каб скаардынаваць далейшыя дзеяньні. Усе былі адзіныя ў сваіх ацэнках і жаданьня падтрымаць Украіну і яе народ у гэты гістарычны час, заявіў ён.

Дзяржсакратар паведаміў што ў наступныя дні ініцыююць тэрміновыя кансультацыі ў Радзе бясьпекі ААН, Паўночнаатлянтычнай радзе і Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, каб абараніць асноўныя прынцыпы, крытычна важныя для захаваньня міжнароднага міру і бясьпекі.

ЗША, паводле яго слоў, лічаць неабходнай міжнародную прысутнасьць ва Ўкраіне прадстаўнікоў ААН або АБСЭ для збору фактаў, назіраньня за парушэньнямі або злоўжываньнямі і абаронай правоў чалавека. Расея, як вядучы сябра абодвух гэтых арганізацыяў, можа прыняць у гэтым удзел, каб яе інтарэсы ўлічылі, заўважыў Джон Кэры.

Раней у суботу падобныя пазыцыі выказаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які на працягу паўтарох гадзінаў размаўляў пра гэта з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Але, як паведамілі ў Крамлі, расейскі кіраўнік заявіў у адказ, што Расея ўсё роўна ў выпадку «далейшага распаўсюджваньня гвалту» на ўсходнія рэгіёны Украіны і Крым «пакідае за сабой права абараніць свае інтарэсы і рускамоўнае насельніцтва, якое жыве там».

Абама гаварыў з Пуціным пасьля таго, як у суботу верхняя палата парлямэнту Расеі прыняла зварот расейскага прэзыдэнта аб «выкарыстаньне Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Украіны да нармалізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў гэтай краіне».

Паводле словаў расейскага кіраўніка, уварваньня неабходна «ў сувязі зь небывалай сытуацыяй, якая склалася ва Ўкраіне, пагрозай жыцьця грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, нашых суайчыньнікаў, асабістага складу вайсковага кантынгенту Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, які дысьлякуецца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі на тэрыторыі Украіны (Аўтаномная Рэспубліка Крым)».

Пры гэтым зварот Пуціна тычыцца ўвядзеньня войскаў ня толькі ў Крым, а на ўсю тэрыторыю Ўкраіны.

Прадстаўнік прэзыдэнта Расеі паведаміў пасьля, што ўласнае рашэньне ўвесьці войскі Уладзімір Пуцін пакуль яшчэ не прымаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG