Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Алеся Пчолка: За дабрачыннасьць мусім плаціць падаткі як камэрсанты


Яна мае дыплём псыхоляга, творчы посьпех у мастацтве чорна-белай традыцыйнай фатаграфіі, дом, сям’ю. Але галоўнай справай свайго 25-гадовага жыцьця лічыць арганізацыю дапамогі іншым. Стваральніца першай і адзінай у Беларусі дабрачыннай крамы «Kalilaska» Алеся Пчолка — гераіня новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Дабрачынная крама «Kalilaska» — гэта тое, чаго мне не хапала ў Менску. Ёсьць шмат людзей, якія маюць патрэбу ў вопратцы. Сацыяльнае забесьпячэньне ў нас не на такім высокім узроўні, як у Эўропе. Там я часта бывала ў дабрачынных крамах, і для мяне ідэя іх здаецца вельмі простай і зразумелай. Дзіўна, што ў Беларусі раней не было іх.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Мы кожны дзень прымаем ад насельніцтва рэчы, якія сартуем і разьмяркоўваем. 95 адсоткаў іх аддаём бязвыплатна ў дабрачынныя арганізацыі дзеля далейшай перадачы там, хто мае ў іх патрэбу. Пераважна гэта насельнікі аддаленых ад Менску інтэрнатаў.

А 5 адсоткаў застаецца ў краме для продажу. Гэта такія рэчы, як вінілавыя кружэлкі, кнігі ці дызайнэрскія штучкі, упрыгожаньні. Яны менш цікавыя дабрачынным арганізацыям, але хутчэй купяцца ў краме. Мы жывем толькі ад прыбытку на купленыя рэчы і не прымаем грашовых ахвяраваньняў. Менавіта для таго мы прадаём гэтыя рэчы, каб плаціць арэнду, зарплату прадаўцам і мець сродкі на дакумэнтацыю, рэкляму.

У нашай краіне, на жаль, ніякіх ільготаў на дабрачынную дзейнасьць няма. І плацім мы падаткі як камэрцыйная арганізацыя.

Вельмі складана пачынаць нешта ўпершыню, але мы спадзяёмся выйсьці на самаакупнасьць і паспрыяць сваім прыкладам адкрыцьцю дабрачынных крамаў у іншых гарадах. І разьвіцьцю дабрачыннасьці ў цэлым у краіне — таксама.

Некалькі разоў на месяц наладжваем валянтэрскія выезды ў дамы-інтэрнаты. Мы ня толькі праводзім там час зь дзецьмі ці дарослымі, але яшчэ і рыхтуем культурную праграму. Перадаючы ім адзеньне, мы цэлы дзень іх бавім ці проста камунікуем зь імі. Кожны, хто прымае ўдзел у гэтых мерапрыемствах, бачыць іншы бок жыцьця, сутыкаецца з тымі, каму патрэбная дапамога, разумее, навошта мы гэта робім.

Думаю, што тэма дабрачыннасьці актуальная заўсёды і ўсюды. І ёсьць людзі, якія гатовыя падтрымаць іншых, і ёсьць тыя, якія лічаць, што гэта іх ня тычыцца. З другімі мы не знаходзім агульнае мовы, а ад першых маем падтрымку і ўдзячнасьць за тое, што робім. Дырэктары інтэрнатаў пішуць нам часам такія лісты, што чытаць іх прыемна да сьлёз.

Самае складанае для мяне — кантактаваць з падаткоўцамі, бо яны не разумеюць, чым мы займаемся, і мне цяжка разьбірацца з усімі іхнімі паперамі, ня маючы ніякіх кансультацыяў і дапамогі ад іх. Але ёсьць задавальненьне ад таго, што тое, што ты робіш, карыснае, патрэбнае некаму, акрамя цябе самога. І гэта прыносіць нашмат большае задавальненьне, чым нейкія матэрыяльныя клопаты. Мне дастаткова таго, што неабходна для жыцьця, — дом і сям’я.

Калі мы выбіралі назву для сваёй крамы, то ведалі, што гэта будзе беларускае слова — унікальнае, добрае і прыязнае. І што можа быць лепей, чым «Kalilaska»?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG