Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэйцарыя заблякавала рахункі 20 украінскіх палітыкаў і чыноўнікаў


Швэйцарскі сьцяг

Швэйцарскі сьцяг

Рашэньне Фэдэральнай рады Швэйцарыі аб блякаваньні ўсіх актываў Віктара Януковіча і яго атачэньня, якія могуць знаходзіцца ў гэтай краіне, у пятніцу ўступіла ў сілу. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс».

«Прымаючы гэтую меру, Фэдэральная рада хоча пазьбегнуць любой рызыкі незаконнага прысваеньня ўкраінскіх дзяржаўных актываў», – гаворыцца ў паведамленьні. Фэдэральная рада таксама ўвяла забарону на продаж і любыя магчымасьці прадаваць маёмасьць Януковіча і яго атачэньня.

Швэйцарыя заявіла, што калі ў часе расьсьледаваньня крымінальнай справы будзе устаноўлена, што гэтыя актывы былі атрыманыя незаконным шляхам, то ўлады гэтай краіны будуць гатовыя вярнуць іх Украіне.

«Швэйцарскія ўлады гатовыя цесна супрацоўнічаць з украінскімі ўладамі для таго, каб завяршыць гэты працэс як мага хутчэй», – адзначаецца ў паведамленьні.

У пералік увайшлі 20 чалавек: Сяргей Арбузаў, Мікалай Азараў, Раіса Багатырова, Міхаіл Добкін, Юры Іванюшчанка, Генадзь Кернес, Аляксандар Кліменка, Андрэй і Сяргей Клюевы, Барыс Калесьнікаў, Юры Колабаў, Уладзімір Казак, Алена Лукаш, Мікола Прысяжнюк, Віктар Пшонка, Эдуард Ставіцкі, Віктар і Аляксандар Януковічы, Аляксандар Яфрэмаў і Віталь Захарчанка.
XS
SM
MD
LG