Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя зьнялі сьцяг Швэцыі з гаўбца Віктара Шаршуна


Віктар Шаршун

Віктар Шаршун

Віктар Шаршун, якога міліцыя зьбіла за бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы, пасьпеў уратаваць новы сьцяг ад праваахоўнікаў.

«Толькі што да мяне ў дзьверы ламіліся невядомыя людзі. І вось толькі цяпер чалавек залез да мяне на гаўбец і зьняў сьцяг Каралеўства Швэцыі, — паведаміў Віктар Шаршун Радыё Свабода.

Два дні таму Віктар вывесіў на гаўбцы сваёй кватэры на бульвары Шаўчэнкі ў Менску бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Каралеўства Швэцыі.




Сьцяг Швэцыі Віктар павесіў у гонар нараджэньня прынцэсы Ліліян. «У Швэцыі ў мяне сябры. Яны вельмі дапамагалі, калі хварэла жонка, — тлумачыць Віктар. — Я хацеў так выказаць сваю павагу да гэтай дзяржавы».

Незадоўга да гэтага Віктар заўважыў, як 8 чалавек назіраюць за ягоным гаўбцом праз бульвар Шаўчэнкі, нешта абмяркоўваюць і паказваюць адзін аднаму на сьцяг.

Бел-чырвона-белы сьцяг Віктар пасьпеў уратаваць. На гаўбцы ён правісеў два дні. «Нанач здымаў, — распавядае Віктар, — бо пабойваўся, што здымуць, пакуль сплю».

Чалавек у цывільным дабраўся да гаўбца Віктара Шаршуна з даху крамы «Рублёўскі», што на першым паверсе ягонага дому.

Віктар Шаршун, 52-гадовы мянчук, пры канцы студзеня вывесіў на сваім гаўбцы на бульвары Шаўчэнкі бел-чырвона-белы сьцяг. Вечарам суботы 8 лютага яму пазванілі ў дзьверы. Сказалі — з ЖЭСа. Адчыніўшы, Віктар празь нейкі час апынуўся ў РУУС Цэнтральнага раёну з разьбітым носам, галавой і памятымі рэбрамі.

3 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнуць разглядаць справу Віктара Шаршуна. Яго вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і абразе супрацоўнікаў МУС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG