Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Свастыка не сыходзіць з вуліцаў


Свастыка на прыпынку грамадзкага транспарту «Электрарухавік»
Свастыка на прыпынку грамадзкага транспарту «Электрарухавік»

У Магілёве свастыка намаляваныя на прыпынках грамадзкага транспарту. Адзін зь іх — насупраць будынку гарвыканкаму. На тарцовай сьценцы з аргшкла свастыка выведзеная чорнай фарбай. Выцерці яе звычайнай гігіенічнай сурвэткай не ўдалося. Такі самы знак — і на павільёне прыпынку ля заводу «Электрарухавік».

Свастыка навідавоку ўжо досыць даўно.

На вуліцах Магілёва свастыкі зьяўляюцца ня першы раз. Замалёўваюць іх звычайна пасьля скаргаў.

Сябры вэтэранскіх арганізацыяў заяўляюць, што сымбалі фашызму малююць людзі, якія ня ведаюць беларускай гісторыі. Вязень лягеру «Азарычы» Міхаіл Кушняроў, пачуўшы пра намаляваную свастыку, адрэагаваў: «Жах».

Ён зазначыў: «Калі гэта робяць зусім маладыя хлопцы, то яны папросту хуліганы. Калі ж гэта маладзёны пасьля дваццаці, то яны гэта робяць, бо ня ведаюць, што давялося Беларусі перажыць у часы Айчыннай вайны і пасьля яе». Пра людзей, якія абыякава ставяцца да намаляванай свастыкі, Міхаіл Кушняроў кажа, што ў гэтых людзей «такая ўнутраная культура». «Яны ня ведаюць, — падкрэсьлівае ён, — гісторыі Беларусі наагул».

Былы франтавік, цяпер літаратар і сябра партыі БНФ Фэлікс Шкірманкоў жыве ў райцэнтры Слаўгарад. Ён кажа, што ў сваім горадзе намаляванай свастыкі ня бачыў. На пытаньне: «Чаму ў Беларусі яе малююць?» адказвае:

«У нашай краіне сапраўднага патрыятычнага выхаваньня моладзі няма. Яно скасабочанае. Калі мы кажам, што Беларусь — незалежная дзяржава, то трэба казаць, а якія ж у яе каштоўнасьці, якая гістарычная спадчына ў гэтай дзяржавы. Пра гэта не гаворыцца. Людзей жа вабяць сумнеўныя каштоўнасьці, за якімі стаяць грошы. Людзям цяпер „да лямпачкі“ ўсё, абы ціха і вайны не было», — зазначае Фэлікс Шкірманкоў.

Паводле яго, свастыку малюе моладзь, выхаваная ў атмасфэры бязьвер’я і абыякавасьці, каб неяк вылучыцца з натоўпу.

Стастыка ў салёне аўтобусу грамадзкага транспарту
Стастыка ў салёне аўтобусу грамадзкага транспарту


Свастыка на прыпынку, што насупраць гарвыканкаму
Свастыка на прыпынку, што насупраць гарвыканкаму
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG