Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазнаюцца выбарцы, што Калякін удзельнічаў у імпічмэнце Лукашэнку?


«Непразрыстасьць і закрытасьць» — такімі словамі характарызуюць кампанію мясцовых выбараў у Беларусі дэмакратычныя актывісты.

Яны скардзяцца на адсутнасьць інфармацыі, перадузятае стаўленьне да сябе з боку чыноўнікаў. Так, грамадзянская кампанія «Права выбару» адзначае: «Беларускія ўлады працягваюць сьвядома ігнараваць міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў».

Кандыдат у дэпутаты Менскага абласнога савету па Фаніпальскай выбарчай акрузе № 42 Віктар Карняенка дагэтуль ня можа даведацца, дзе і кім працуюць сябры акруговай камісіі:

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Заканадаўства прадугледжвае, хто ня можа быць сябрам выбарчай камісіі — пракуроры, судзьдзі і г.д. Ёсьць яшчэ абмежаваньні і для дзяржслужачых. Іх не павінна быць болей за пэўны працэнт ад агульнай колькасьці сябраў камісіі. Зыходзячы з гэтага, я запатрабаваў, каб мне назвалі пасады ўсіх сябраў камісіі. Дайшоў да пракурора і да Ярмошынай. Адказ аднолькавы: заканадаўства не парушана, і — усё. Але чаму я павінен верыць Ярмошынай, калі ёй ня верыць уся Эўропа?

Я хачу сам паглядзець, дзе працуюць людзі, якія заняліся палітыкай. Я ім так і сказаў на паседжаньні камісіі: вы ж заняліся палітыкай. Бачу, што ім гэта не зусім звыкла слухаць — маўляў, якая гэта палітыка? А палітыка ў нас справа публічная. Ад кандыдатаў патрабуюць даведкі і пра маёмасьць, і пра прыбытак, і ці быў судзімы... А навошта ж тады хаваць месца працы сябру камісіі? Тым больш калі закон уносіць пэўныя абмежаваньні».

Змагаецца з выбарчымі камісіямі Савецкага раёну і гораду Менску кандыдат у дэпутаты сталічнага гарсавету, лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Прычына спрэчкі — інфармацыя пра кандыдата. Пачынаючы з гэтых выбараў, выбарчыя камісіі будуць рыхтаваць агульную інфармацыю пра ўсіх зарэгістраваных у акрузе кандыдатаў і распаўсюджваць яе сярод выбарцаў. Але раённая камісія мусіць узгадніць тэкст з прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат, падкрэсьлівае Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Вельмі кароткі тэкст я даў. Толькі тое, што палічыў важным. Кіраваў Савецкім раёнам. Быў сябрам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня. Быў удзельнікам імпічмэнту прэзыдэнту ў 1996 годзе. Прашу разгледзець і зацьвердзіць у якасьці тэксту пра мяне.

Даюць мне адказ, што гарадзкая выбарчая камісія прыняла рашэньне, як цэнтралізавана інфармаваць выбарцаў. Але гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў менскай гарадзкой выбарчай камісіі».

Сяргей Калякін лічыць, што выбарчыя камісіі напалохаліся, убачыўшы слова «імпічмэнт». Але як кандыдат у дэпутаты хоча, каб ягоныя выбарцы ведалі пра гэта. Таму ён і аднёс скаргу ў Цэнтравыбаркам.

Мясцовыя выбары прызначаныя на 23 сакавіка.
XS
SM
MD
LG