Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямёрка Свабоды – найлепшыя публікацыі мінулага тыдня, якія абавязкова трэба перачытаць, пераглядзець і пераслухаць на ўікэнд.

1. «Паляваньне» на Януковіча – блог Віктара Дзятліковіча – той нячасты выпадак, калі ў журналісцкім тэксьце ёсьць элемэнты псыхалягічнага дасьледаваньня. На выхадзе застаецца адчуваньне, быццам прачытаў добры мастацкі твор.

2. «Весела была, як бацьку хавалі, музыка грала, цукеркі давалі...» Гэта з добрага нашага дзіцячага фальклёру. У беларусаў – малых і дарослых – вельмі спэцыфічныя дачыненьні з бацькам. Пра гэты фэномэн – эсэ Альгерда Бахарэвіча: «Здаецца, гэта толькі ў Беларусі варта сказаць з тэатральнай сцэны ўсяго два словы: «Бацька павесіўся» – каб публіка падхапілася зь месцаў і пачала ўтрапёна пляскаць...»

3. Акурат для ўікэндавага перагляду надаюцца два выпускі «Свабоды бяз гальштукаў» – нават чытаць ня трэба, бо гэта відэа. Заўсёды трапна падабраныя суразмоўцы, заўсёды арыгінальныя думкі і жывая дыскусія. «Ці варта паліць маёнткі?» – пра ўкраінскую рэвалюцыю. Але перш чым вырашаць, варта ці ня варта паліць, трэба агледзецца ў тых захопленых рэвалюцыяй маёнтках учорашніх гаспадароў жыцьця. Разглядаемся ў перадачы «Ці чакае Дразды лёс Межыгор'я?»

4. А каб карціна стала і зусім поўнай, трэба падключыць гістарычны кантэкст – як гэта калісьці ў Беларусі сяляне рабавалі панскія маёнткі – у падарожным эсэ Зьмітра Бартосіка «Як рабавалі шляхецкія сядзібы ў верасьні 1939-га».

5. А вы ведаеце, што паводле апублікаваных зьвестак, у Беларусі больш за 50% раней судзімых ізноў вяртаюцца ў месцы пазбаўленьня волі? Проста ходзяць па зачараваным коле. Мы глядзім на гэта ўсё і думаем: А ў прынцыпе «Ці магчымае вяртаньне да нармальнага жыцьця?»

6. Чым жыве Майдан пасьля «перамогі»? Унікальная фотагалерэя ад нашага карэспандэнта Паўла Зуб'юка. Незабыўныя кадры кіеўскай рэвалюцыі. Вуліца Інстытуцкая перайменаваная ў вуліцу Герояў Нябеснай Сотні і надпісы на перагорнутых аўтамабілях – як у вайну: «При обстреле эта сторона опасна!»... Гэта сёньняшні Кіеў. А вось – сёньняшні Менск, фотагалерэя пра новую рэклямную акцыю, да якой мы таксама маем дачыненьне: Налепкі «Свабоду дворнікам» і «Свабоду міліцыі» на вуліцах Менску.

7. На заканчэньне зьвярніце ўвагу на наш праект «Бяз чаркі і скваркі» – парады дыетоляга. Гэтым разам Лера Красоўская распавядае, як правільна чытаць этыкеткі на прадуктах. Дазнаўшыся, колькі ўсякай хіміі ў ёгурце «Данон», вы, магчыма, назаўсёды адмовіцеся ад яго, а магчыма і наадварот – наляжаце з большай сілай, зь веданьнем стравы. Бо дзе цяпер той хіміі няма...
XS
SM
MD
LG