Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крым здаўна быў традыцыйным месцам адпачынку для ня самых заможных беларусаў: штогод на чарнаморскае ўзьбярэжжа прыязджалі дзясяткі тысяч турыстаў зь Беларусі.

Аднак сёлета летнія вакацыі пад пагрозай: крымскую адміністрацыйную сталіцу Сімфэропаль, асноўны чыгуначны і авіяцыйны вузел паўвыспы скаланаюць бурлівыя падзеі.

Паводле афіцыйных дадзеных, штогод у Крым прыяжджаюць больш за 6 мільёнаў чалавек як з самой Украіны, так і з-за яе межаў. Абсалютныя лідэры ў статыстыцы іншаземцаў — расейцы, іх 1,5–2 мільёны. Беларусы ідуць сьледам — ад паўмільёна і вышэй. Прычым арганізаваных турыстаў з гэтай колькасьці толькі 30 тысяч, усе астатнія едуць так званымі «дзікунамі».

Відавочных зьменаў у арганізацыі крымскага адпачынку для беларусаў пакуль не адчуваецца — магчыма, найперш таму, што да адкрыцьця сэзону яшчэ досыць шмат часу. Заклікае скарыстацца аздараўленчымі паслугамі санаторый Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Белоруссия», разьмешчаны на курорце Місхор паблізу гораду Алупка. Не мяняецца нішто пакуль і на маршрутах транспарту беларускага фармаваньня: цягнікі на Сімфэропаль выпраўляюцца зь Менску па няцотных датах а 9-й раніцы, а самалёты «Белавія», як і плянавалася, пачнуць лятаць ад пачатку чэрвеня. Праўда, раней былі масава скасаваныя камэрцыйныя аўтобусныя рэйсы ў Кіеў і Чарнігаў, але да самога Крыму аўтобусы ходзяць толькі ў сэзон.

Тым ня меней, як кажа дарэктар турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка, палітычная нестабільнасьць у розных кутках сьвету ўсё больш ізалюе беларусаў ад магчымасьці марскога адпачынку. Падзеі ва Ўкраіне — не выключэньне:

«Мы, канечне, бачым, што інфармацыйны попыт на старонках Holiday.by на Крым падае. І гэта не адкрыцьцё: калі ў рэгіёне адбываюцца сілавыя забурэньні, то попыт на паездкі туды падае — сыгнал бясьпекі ў людзей так ці інакш спрацоўвае. Але адназначныя высновы пакуль рабіць рана: найперш,
беларускія турысты цяпер ня ў самым зайздросным становішчы
немагчыма прадказаць вынік супрацьстаяньня, па-другое, актыўнае браніраваньне Крыму прыпадае на красавік. Увогуле складаецца такая сытуацыя, што беларусаў на палітычнай мапе проста аблажыла ўсялякім форс-мажорам: у Эгіпце сытуацыя, у Тайляндзе сытуацыя, цяпер вось ва Ўкраіне сытуацыя. А дзе нібыта спакойна, дык там візавыя бар’еры. Таму беларускія турысты цяпер ня ў самым зайздросным становішчы, будзем гаварыць шчыра. Тым больш, што Крым для беларусаў — гэта асноўнае бязьвізавае мора, адсутнасьць моўнага бар’еру і г.д. Перакананы, што вельмі шмат патэнцыйных турыстаў цяпер пільна сочаць за падзеямі ў рэгіёне».

Тым часам Крым пакуль што рыхтуецца прымаць гасьцей. Найперш у гэтым зацікаўленая мясцовая інфраструктура, якая ў літаральным сэнсе жыве ад сэзону да сэзону, зарабляючы на абслугоўваньні шматлікіх турыстаў. Прыкладам, у адным з турыстычных агенцтваў Ялты кажуць, што працуюць над тым, каб ня страціць патэнцыйных кліентаў, націскаючы на настальгічныя пачуцьці заўсёдных наведнікаў крымскіх курортаў:

«Калі мы кантактуем з партнэрскімі агенцтвамі ў Беларусі ці Расеі, прапануем ноў-хаў для людзей, якія пачалі бываць тут яшчэ за савецкім часам. Зразумела, збольшага гэта пакаленьне старэйшае за мяне, пакаленьне маіх бацькоў. Прапаноўваем ня толькі адпачынак на моры, а настальгічныя туры. То бок з выездам у нейкія знакавыя для іх мясьціны ці нават засяленьне ў гатэлі, якія яны аблюбавалі яшчэ ў 1980–90-я. Скажам, „Інтурыст“ быў і тады, і цяпер ёсьць, толькі капітальны рамонт зроблены, стала ўтульней. Ці набярэжная, якая ва ўсе часы вабіла людзей на прамэнад. У любым выпадку гэта тыя ўспаміны, якія не забываюцца, таму што ўспаміны добрыя. І гэта самае галоўнае. Мы хочам усё гэта выкарыстаць. Каб людзі ведалі, што ёсьць самыя розныя варыянты адпачынку, што можна прыехаць і адпачыць за нейкі стандартны кошт, а можна крыху адысьці ад бяздумнага ляжаньня на пляжы, згадаць маладосьць».

Як будуць разьвівацца падзеі ў Крыме — не прагназуюць нават дасьведчаныя аналітыкі. Ва ўсякім разе, цяпер становішча на паўвыспе досыць складанае. Уезд зь «вялікай зямлі» абмяжоўваюць так званыя «брыгады самаабароны», а ўзброеныя вайскоўцы, якіх экспэрты ідэнтыфікуюць як байцоў расейскіх спэцпадразьдзяленьняў, кантралююць лётнішчы ў Сімфэропалі і Севастопалі. У курортнай зоне сытуацыя пакуль спакойная, але, як падказвае досьвед Эгіпту, Тунісу, Турэччыны, Тайлянду ды іншых турыстычна-прывабных краінаў, няма ніякай гарантыі, што папулярныя месцы адпачынку не ператворацца ў эпіцэнтар высьвятленьня адносінаў варагуючых бакоў.
XS
SM
MD
LG