Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Прыхільнікі Януковіча не зьвярталіся па прытулак


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што на тэрыторыі краіны няма прыхільнікаў Віктара Януковіча, якія пакінулі Ўкраіну.

«Наколькі мне вядома, прыхільнікаў Януковіча на нашай тэрыторыі няма», — цытуе прэс-служба МЗС Беларусі Ўладзімера Макея па выніках сустрэчы зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам у Рызе.Наконт магчымасьці даць паплечнікам Януковіча палітычны прытулак у Беларусі ён сказаў: «Да нас ніхто па палітычны прытулак не зьвяртаўся».

«Калі б мы былі ўпэўненыя ў тым, што людзі перасьледуюцца незаконна ці толькі за іх палітычныя перакананьні — напрыклад, як цяпер гэта робіцца ў дачыненьні да камуністычнай партыі Ўкраіны, калі была разгромлена штаб-кватэра ці дом кіраўніка кампартыі, у дачыненьні да іншых палітычных сіл — калі б мы былі ўпэўненыя ў тым, што такі перасьлед адбываецца толькі па фармальных падставах, таму што людзі маюць зусім іншыя палітычныя погляды, мы, магчыма, і далі б палітычны прытулак такім асобам», — сказаў Макей.

Макей назваў тое, што адбываецца ва Ўкраіне, трагедыяй.

«Мы, вядома, шкадуем аб ахвярах ва Ўкраіне. Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Украіна засталася сувэрэннай, незалежнай, тэрытарыяльна цэласнай дзяржавай. Цяпер самае галоўнае — аднавіць стабільнасьць, не дапусьціць далейшага кровапраліцьця, забясьпечыць функцыянаваньне адпаведных органаў улады, якія павінны быць легітымнымі. Самае важнае — захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны. Мы зыходзім з такога падыходу, для нас Украіна — вельмі важны партнэр», — адзначыў Макей.

Таксама Макей заявіў, што Беларусь «ня мае ніякіх адносін» да вучэньняў расейскіх войскаў на паўднёвым захадзе Расеі.

«Сытуацыя на паўднёвых межах сапраўды выклікае ў нас занепакоенасьць у сувязі з тым, што ў рукі шэрагу асобаў трапіла вялікая колькасьць зброі, у тым ліку з арсэналаў МУС і ўзброеных сіл Украіны, і невядома, дзе гэтая зброя можа апынуцца. Украіна — гэта ня Сырыя, ня Лібія, якія знаходзяцца далёка ад Эўропы. Украіна знаходзіцца на мяжы з Эўразьвязам. Наша агульная, я думаю, задача палягае ў тым, каб гэты ўнутраны ўкраінскі канфлікт як мага хутчэй быў завершаны і каб там запанавала спакойнае, нармальнае, мірнае жыцьцё».
XS
SM
MD
LG