Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правесьці шэсьце і мітынг на Дзень Волі ў Менску вырашана на першым паседжаньні аргкамітэта 27 лютага.

У аргкамітэце бяруць удзел Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, БСДП, кампанія «Гавары праўду» і рух «За свабоду».

Арганізатары прапануюць удзельнікам вывучыць гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і сьпяваць яго падчас шэсьця і мітынгу. Збор адбудзецца на пляцоўцы каля Акадэміі навук, шэсьце накіруецца да плошчы Якуба Коласа.

Арганізатары пакуль ня вызначыліся з датай правядзеньня шэсьця ў Менску. Праз тое, што 25 сакавіка выпадае на будні дзень, яно можа адбыцца альбо днём 23 сакавіка, альбо ўвечары 25 сакавіка.

Заяўку на правядзеньне акцыі арганізатары пададуць у Менгарвыканкам на наступным тыдні.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што ў 2014 годзе ёсьць дадатковая нагода асаблівым чынам адзначыць Дзень Волі — гэта 500-годзьдзе бітвы на Крапівенскім полі.

«У 2014 годзе мы сьвяткуем юбілей слаўнай бітвы пад Воршай. Няхай гэтая перамога была здабытая 500 гадоў таму, але здабытая яна была ў вельмі складаных і неспрыяльных умовах. І прыклад выдатных ваяроў Канстанціна Астрожскага натхняе нас і сёньня на змаганьне за нацыянальныя каштоўнасьці і свабоду. Таму сёлета ў Дзень Волі мы будзем ня толькі сьвяткаваць чарговыя ўгодкі заснаваньня БНР, але і хочам заклікаць усіх беларусаў, для каго дарагая свабода і незалежнасьць, не баяцца неспрыяльных умоваў і не засмучацца, таму што ізноў расейская імпэрыя прыцэльваецца на Беларусь. Нават у такіх умовах можна перамагаць, і мы абавязкова пераможам», — сказаў Аляксей Янукевіч.

Наступнае паседжаньне аргкамітэта заплянаванае на 3 сакавіка, калі і стане вядомай дата шэсьця.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG