Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: у невыкананьні пагадненьня вінаваты Януковіч


МЗС Украіны лічыць Віктара Януковіча адказным за невыкананьне пагадненьня аб урэгуляваньні крызысу ў краіне, падпісанага ў Кіеве 21 лютага.

А яго адхіленьне ад улады адбылося менавіта таму, што ў адказны для краіны пэрыяд ён самаўхіліўся ад выкананьня сваіх абавязкаў.

«Такім чынам любыя спробы абвінаваціць дзейсныя інстытуты дзяржаўнай улады Ўкраіны ў невыкананьні дасягнутых дамоўленасьцяў у адпаведнасьці з пагадненьнем аб урэгуляваньні крызысу ад 21 лютага 2014 года не адпавядаюць рэчаіснасьці», — заявілі ў МЗС Украіны.

МЗС Украіны заклікаў аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю і ўстрымлівацца ад заяў, якія, па яго ацэнцы, перашкаджаюць стабілізацыі ў краіне.

Так новыя ўкраінскія ўлады адказалі на заяву расейскага зьнешнепалітычнага ведамства, у якім Масква абвінаваціла іх у невыкананьні ўмоў пагадненьня аб урэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне. Сур’ёзную заклапочанасьць Масквы выклікалі таксама адмена закона «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі» і ініцыятывы па абмежаваньні свабоды СМІ і забароны на дзейнасьць асобных палітычных партый.

Вярхоўная Рада адхіліла Януковіча ад улады, зьмяніла канстытуцыю і ўсклала выкананьне абавязкаў прэзыдэнта на сьпікера парлямэнта Аляксандра Турчынава. Генпракуратура Ўкраіны абвясьціла Януковіча ў міжнародны вышук — па абвінавачваньнях у датычнасьці да масавых забойстваў падчас пратэстаў у краіне.

27 лютага Януковіч выступіў з афіцыйнай заявай, у якой назваў рашэньні Вярхоўнай Рады нелегітымнымі, і пацьвердзіў намер дамагацца выкананьня кампрамісных дамоўленасьцей па вываду Ўкраіны з палітычнага крызысу.

Паводле СМІ, сёньня адхілены ад улады прэзыдэнт Украіны дасьць прэс — канфэрэнцыю ў Растове-на-Доне. Па інфармацыі агенцтва «ДонИнформБюро», ён ужо прыбыў туды сёньня ноччу.
XS
SM
MD
LG