Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сімфэропаль: невядомыя з расейскімі сьцягамі пакінулі аэрапорт


Прэс — сакратар аэрапорта «Сімфэропаль» Ігар Стратылата паведаміў, што група ўзброеных людзей пакінула аэрапорт. Паводле яго слоў, раней на тэрыторыю аэрапорта ўварваліся каля 50 чалавек з расейскімі сьцягамі.

«Думалі, што ў нас украінскі дэсант высадзіўся, але калі паглядзелі і пераканаліся, што нічога гэтага няма, папрасілі прабачэньня і адышлі», — распавёў Стратылата у інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Ён адзначыў, што аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме.
Раней расейскія і ўкраінскія агенцтвы паведамлялі, што ў аэрапорце горада зьявіліся ўзброеныя людзі ў ваеннай форме без апазнавальных знакаў.

Паводле відавочцаў, каля 50 чалавек, якія прыбылі на аўтамабілях, ачапілі тэрмінал ўнутраных рэйсаў аэрапорта.

Крыніцы Інтэрфакса сьцьвярджалі, што людзі былі ўзброеныя і экіпіяваныя гэтак жа, як і захопнікі будынкаў парлямэнту і ўраду Крыму.

Мінулай ноччу група людзей са зброяй пранікла і на тэрыторыю аэрадрома «Бэльбек» пад Сэвастопалем. Яна заблякавала ўсе ўезды, паведамляе УНИАН. Як напісаў у Facebook украінскі палітоляг Павел Нус са спасылкай на крыніцу, гэта — пераапранутыя вайскоўцы расейскага Чарнаморскага флёту. Ён не выключае, што гэта можа быць падрыхтоўкай для перакіданьня па паветры ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Учора Вярхоўная рада Крыму на пазачарговай сэсіі прызначыла на 25 траўня рэфэрэндум па пашырэньні магчымасьцяў рэгіёну і выбрала прэм’ерам аўтаноміі лідэра партыі «Рускае адзінства» Сяргея Аксёнава. Ён заявіў, што лічыць легітымным прэзыдэнтам Украіны Віктара Януковіча і мае намер яму падпарадкоўвацца.

Пасяджэньне праходзіла ў будынку парлямэнта, захопленага ў ноч на 27 лютага невядомымі ўзброенымі людзьмі, якія таксама захапілі офіс ўраду. Яны вывесілі на будынках расейскія сьцягі.

Кіраўнік Рады судзьдзяў Украіны Васіль Анапенка заявіў, што па законах краіны мясцовы рэфэрэндум — немагчымы. Паўнамоцтвы Аўтаномнай Рэспублікі Крым вызначаны ў канстытуцыі Ўкраіны. Самастойна іх пашырыць нельга, а толькі — праз зьмяненьне Асноўнага закона.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG