Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарадзенская Троя» ў Старым замку


Бутэлькі, гаршчкі, кафля, знойдзеныя археолягам Сяргеем Піваварчыкам на вуліцы Вялікай Траецкай

Бутэлькі, гаршчкі, кафля, знойдзеныя археолягам Сяргеем Піваварчыкам на вуліцы Вялікай Траецкай

У Горадні ў Старым замку сёньня адкрылася выстава «Гарадзенская Троя», на якой прадстаўленыя 645 прадметаў, якія знойдзеныя на тэрыторыі старой забудовы.

Першыя спробы раскопак у горадзе былі зробленыя яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Але толькі ў 1930-я гады дайшло да археалягічных дасьледаваньняў, праўда, выпадкова. Стваральнік музэю ў Старым замку Юзаф Ядкоўскі вырашыў умацаваць замкавую гару: на дзядзінцы сталі капаць, выкідаючы грунт на схілы. Рабочыя натрапілі на цагляную муроўку старажытнага храма. Вось так і пачалася «гарадзенская Троя», зазначыў на адкрыцьці Юры Кітурка, дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю.

Выстава пакажа, што хаваецца ў нетрах гораду, пад будынкамі, зазначыў ён. Яе падрыхтаваў аддзел археалёгіі, яго загадчык Натальля Кізюкевіч сказала: летапісная Горадня — гэта перш падмуркі Ніжняй царквы на замкавым дзядзінцы, часткі якой на выставе. Можна ўбачыць таксама элемэнты драўлянай пабудовы. А побач — тое, што згубілася ці зламалася, дробныя рэчы, якімі карысталіся жыхары. На выставе вырабы ганчарнай майстэрні ХVІІ стагодзьдзя, рэшткі якой былі знойдзены ў горадзе на вуліцы Вялікай Траецкай. На ёй жа быў раскапаны манэтны скарб, развал кафлянай печы.
Юры Кітурка (зьлева) і Аляксандар Краўцэвіч

Юры Кітурка (зьлева) і Аляксандар Краўцэвіч


Сярод амаль 190 тысяч прадметаў у фондах музэю больш за 40 тысяч — гэта археалягічныя знаходкі.

Пра сваё адчуваньне археалёгіі гаварыў Генадзь Семянчук, адзін з тых, хто дасьледаваў культурныя слаі гораду і чые знаходкі ёсьць на выставе. Яна, паводле яго, —"мусіць самая нацыянальная навука«, таму што падчас раскопак узбагачаюць мясцовую культуру. Горадня — «адзін з самых цікавых, загадкавых беларускіх гарадоў», зазначыў ён. А тым жа часам гэта «самая далікатная, самая рамантычная навука», і кожны спрабуе на яе паўплываць, кажа Семянчук: «ці даць вялікія грошы, каб археоляг па-халтурнаму раскапаў нешта, ці прысьпешыць, каб хутчэй капаў» альбо прыходзіць зарана зіма, калі раскопкі яшчэ не закончаныя.

У раскопках на дзядзінцы Старога замку ўдзельнічаў Аляксандар Краўцэвіч. Ён назваў гэтае месца «унікальным у маштабах Эўропы», бо тут на малой плошчы вялікая «канцэнтрацыя археалягічных і архітэктурных помнікаў эпохі Сярэднявечча», ад ХІІ да ХVІ стагодзьдзя. Гэта Ніжняя царква і Верхняя, замкі Вітаўта і Баторыя, зазначыў ён.
Рэчы, знойдзеныя на месцы ганчарнай майстэрні ХVІІ стагодзьдзя

Рэчы, знойдзеныя на месцы ганчарнай майстэрні ХVІІ стагодзьдзя

Рэчы, знойдзеныя на цяперашняй Савецкай плошчы і на падворку Новага замку

Рэчы, знойдзеныя на цяперашняй Савецкай плошчы і на падворку Новага замку

Абутак старажытных гарадзенцаў

Абутак старажытных гарадзенцаў

XS
SM
MD
LG