Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тутэйшыя»: канцэпцыя — беларуская, выкананьне — напалову...


З затрымкай на два месяцы ў беларускай сталіцы на вуліцы Карла Маркса нарэшце адкрыўся бар «Тутэйшыя». Шыльда — па-беларуску, але расклад працы — па-расейску.

На сьцяне — вялікі стэнсіл з партрэтамі пяці беларускіх клясыкаў — Уладзімера Караткевіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка. У інтэр’еры — гліняныя збаны, рыцарская амуніцыя, беларускія кніжкі, саламяныя капелюшы і нават фатаграфія Дар’і Домрачавай.

У сьнежні навіна пра адкрыцьцё беларускамоўнага бару, у якім могуць быць нават зьніжкі беларускамоўным, выклікала супярэчлівую рэакцыю. Ідэю, якую беларускія піяршчыкі лічаць вельмі ўдалым рэклямным ходам, ледзьве не загубіла расейская прэса. Спачатку расейскае інфармацыйнае агенцтва Regnum, а потым і іншыя СМІ пачалі пісаць пра «дыскрымінацыю расейскамоўных у Беларусі». Заснавальнікі заціхлі, з прэсай перасталі кантактаваць. На ўсе пытаньні адказвалі: «Дачакайцеся адкрыцьця».

Убачыўшы на дзьвярах кавярні замест шыльды «Рамонт» расклад працы на расейскай мове, заходжу. Абаяльная дзяўчына ў льняной вышыванцы сустракае вельмі ветліва, але размаўляе па-расейску:

«Мы адкрыліся 25 лютага а 15-й гадзіне. Была сьвяточная імпрэза, хлопцы гралі на гітары, было досыць шмат людзей».

Карэспандэнтка: «Тут партрэты клясыкаў, цытата дня Караткевіча... Вось які прыходзіць народ?»

«Маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія размаўляюць у асноўным па-беларуску і хочуць пабыць у прыемнай для сябе атмасфэры».

Карэспандэнтка: «Пакуль тут толькі кава, гарбата, выпечка. А што яшчэ?»

«Будзе піва, алькагольныя напоі. Спадзяемся пашырыць мэню за кошт беларускіх страваў».

Карэспандэнтка: «А кухары, бармэны дзесьці адмыслова вучыліся, калі вы кажыце пра беларускі ўхіл? І чаму вы не размаўляеце па-беларуску?»

«На жаль, ня я, а тыя хлопцы-студэнты, якія прыйдуць працаваць пасьля 14-й гадзіны, вельмі добра ведаюць беларускую мову, беларускую гісторыю. Калі яны даведаліся, што адкрываецца такая кавярня, яны самі прыйшлі і сказалі, што хочуць тут працаваць. Гэта два хлопцы і дзьве дзяўчыны».

Днём у кавярні наведнікаў няшмат, але людзі прыходзяць не выпадковыя. Гутару з маладым спэцыялістам Мікітам, які стараецца гаварыць па-беларуску, але часам яму не хапае слоў, і ён пераходзіць на расейскую мову:

«Гэта самая лепшая кавярня на вуліцы Карла Маркса. Па вечарах тут бывае жывая музыка».

Карэспандэнтка: «Мне цікава: бар пазыцыянуе сябе як беларускі, мэню па-беларуску, партрэты клясыкаў — Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, іншых... Чаму вы размаўляеце па-расейску ў гэтым бары?»

«Ну што вам адказаць? Часам не хапае запасу слоў беларускіх, таму што ўсе кантакты па-беларуску скончыліся на школьным узроўні. Калі ўсе размаўляюць па-беларуску, я таксама спрабую. А так — крыху камплексую».

Карэспандэнтка: «Цяпер шмат курсаў, вельмі папулярных сярод моладзі: „Мова ці кава“, „Мова — нанова“. Можа, вас гэта зацікавіць, прасьцей будзе вывучыць мову?»

«На жаль, я да гэтага яшчэ не дасьпеў... Але цікава, родная мова. Насамрэч, я вельмі вялікі патрыёт сваёй краіны. Я думаю, гэтае месца ўсё ж такі будзе беларускамоўным. Мне падабаецца і месца, і назоў „Тутэйшыя“ — для тутэйшых, для сваякоў, каб кожны вечар тут зьбіраліся аднадумцы».

Знайсьці сёньня заснавальнікаў і ўсё ж такі даведацца, ці зьмянілася ў іх канцэпцыя наконт беларускай мовы і наагул беларускага ўхілу, не ўдалося. Сёньня адкрываецца яшчэ адна ўстанова — нямецкая піўная рэстарацыя, усе занятыя.

Якія пэрспэктывы ў «Тутэйшых», ці выжыве гэта кавярня, ці захавае сваю адметнасьць, пра якую казалі заснавальнікі раней?

Кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by, арганізатар фэстывалю беларускай рэклямы AD.NAK Cяргей Скараход выказаў такое меркаваньне:

«Калі будзе толькі шыльда па-беларуску, а ўсё астатняе будзе так, як у нас паўсюль — давядзецца ім шукаць новы назоў, новую канцэпцыю, таму што людзі ня прыйдуць. Адметнасьці — беларуская мова, беларускі інтэр’ер, стравы беларускай кухні — гэта будзе прыцягваць, і туды людзі пойдуць. А калі будзе „палавіністасьць“ — тады ня пойдуць. Гэта будзе ўспрымацца як любая звычайная кавярня, ну, як бы зь беларускім ухілам, але гэта будзе ўспрымацца, так бы мовіць, на ўзроўні „трасянкі“.

Добра, што людзі такія спробы робяць, гэта радуе. Але трэба даводзіць усё да канца. Трэба чысьцей выконваць канцэпцыю. Я спадзяюся, што ў іх усё атрымаецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG