Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэце «Ўзгорак» выстаўленыя прэтэнзіі на 50 мільёнаў рублёў


З горацкай незалежнай газэты «Ўзгорак» намагаюцца спагнаць 50 мільёнаў рублёў. З пазовам аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі ў раённы суд зьвярнулася жыхарка райцэнтру Горкі Тамара Калтунова.

Яна вінаваціць выданьне і ягонага рэдактара Галіну Будную ў распаўсюдзе нібыта несапраўдных зьвестак, якія, паводле скаржніцы, прычынілі ёй маральную шкоду.

У пазове Тамара Калтунова паведамляе, што яна старшыня горацкай раённай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў», і падае цытаты з публікацыяў, якімі яе нібыта зьняважылі.

Рэдактарка газэты «Ўзгорак» Галіна Будная кажа, што выданьне на працягу некалькіх месяцаў паведамляла пра судовы працэс паміж сябрамі горацкай арганізацыі таварыства інвалідаў ды кіраўніцай гэтай арганізацыі Тамарай Калтуновай.

Публікацыі на гэтую тэму, кажа журналістка, браліся з навіннай стужкі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН з адпаведнай спасылкай на яе.

«У пазове цытаты з публікацыяў вырваныя з кантэксту, — зазначае Галіна Будная, — іх сэнс скажоны. Сябе вінаватай я не лічу. Тыя паведамленьні, якія мы бралі ў газэту, былі без абвінавачваньня каго-колечы з боку ўдзельнікаў працэсу. У іх гаварылася, што такі суд адбываецца. Падаваліся пазыцыі ўсіх удзельнікаў працэсу. Тое, што Калтунова падала на нас у суд, — гэта яе права».

Галіна Будная ўдакладняе, што сваіх матэрыялаў на тэму канфлікту ў арганізацыі інвалідаў газэта не друкавала. Пры гэтым журналістка адзначае, што ў яе няма прычынаў не давяраць зьвесткам, апублікаваным БелаПАН. Журналіст гэтай інфармацыйнай кампаніі, кажа Будная, прысутнічаў амаль на ўсіх судовых пасяджэньнях, якія тычыліся спрэчкі між інвалідамі.

Канфлікт у арганізацыі інвалідаў пачаўся пасьля таго, як трох сяброў таварыства выключылі адгэтуль. Пазьней Тамара Калтунова зьвінаваціла іх у публічнай зьнявазе. Падала на іх у суд. На судовым працэсе адказчыкі, у сваю чаргу, абвінавацілі саму Калтунову ў парушэньні статуту арганізацыі і несправядлівым разьмеркаваньні гуманітарнай дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG