Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хакейныя» гатэлі: адны — недабудаваныя, другія — звышдарагія


Крыху больш як за два месяцы да пачатку чэмпіянату сьвету па хакеі шмат якія аб’екты сталічнай інфраструктуры не гатовыя прымаць афіцыйныя дэлегацыі, спартоўцаў і заўзятараў.

Найперш гэта тычыцца гатэльных даўгабудаў, якія не пасьпяваюць здаць своечасова. А тыя, што ўсё ж пасьпелі дабудаваць — выстаўляюць цэньнікі, якія палохаюць нават заможных эўрапейцаў.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім да 1 траўня даручаецца завяршыць усе працы на гатэлі «Кемпінскі» ў Менску. Інвэстарам, сярод якіх значыцца алігарх Юры Чыж, забясьпечаны рэжым найбольшага спрыяньня, працягнутыя падатковыя і крэдытныя льготы.

Шматфункцыянальны комплекс мусілі здаць яшчэ летась у сьнежні, але ў тэрміны ня ўклаліся. Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька нават выказаў меркаваньне: добра, калі ўсё будзе гатова да канца 2014-га. Звыкла прыгразіўшы за зрыў тэрмінаў турмой і «адарванымі галовамі», Лукашэнка згадаў пра змарнаваныя час і грошы падчас узьвядзеньня «Чыжоўка Арэны», калі Міжнародная фэдэрацыя хакею нават пачала сумнявацца ў здольнасьці беларускага боку арганізаваць спаборніцтвы на высокім узроўні. Маўляў, такой ганьбы больш паўтарыцца не павінна.

Але «Кемпінскі» — не адзіны галаўны боль уладаў. Увогуле да пачатку хакейнага першынства, якое стартуе 9 траўня, меліся закласьці 24 гатэлі. Але з-за недахопу фінансаваньня і працоўных рук 10 пакінулі на пэрспэктыву. Цяпер будуюцца 14 гмахаў на 4 тысячы месцаў — тры адназоркавыя, па пяць трох- і чатырохзоркавых, пяцізоркавы «Кемпінскі». Але выглядае, што рэалізаваць задачу ў поўным аб’ёме наўрад ці ўдасца. Так, «Пэкін», тэрыторыя вакол якога стала арэнай супрацьстаяньня эколягаў і забудоўшчыкаў, не пакідае шанцаў укласьціся ў тэрміны. Гэта тычыцца і некаторых іншых гатэляў, якія хоць і застаюцца на асабістым кантролі прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, але ўзводзяцца надзвычай марудна.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка ўдакладняе, што пра завяршэньне гатэльнай эпапэі будаўнікі павінны адрапартаваць да пачатку красавіка:
Мы павінны былі ўвесьці ў строй 14 гатэляў, і задача стаіць такая — каб да канца сакавіка ўсе асноўныя пабудовы былі здадзеныя

«Мы павінны былі ўвесьці ў строй 14 гатэляў, і задача стаіць такая — каб да канца сакавіка ўсе асноўныя пабудовы былі здадзеныя. Працы там цяпер актывізаваліся, дабаўленыя людзі на гэтыя аб’екты. Агулам у нас атрымліваецца парадку 14 600 месцаў адначаснага разьмяшчэньня. То бок нумарны фонд гатэляў — блізу 10 тысяч месцаў, і каля 5 тысяч месцаў — гэта інтэрнат студэнцкай вёскі. Апроч таго, мы павінны ўлічваць, што вакол Менску разьмешчаны шэраг турыстычных базаў, аб’ектаў аздараўленчага пляну, дзе таксама ёсьць месцы. Яны ў якасьці рэзэрвовага варыянту таксама могуць выкарыстоўвацца для разьмяшчэньня гасьцей чэмпіянату сьвету».

Цягам мінулага году ў Менску ўведзеныя 4 спэцыялізаваныя збудаваньні: пяцізоркавы «Прэзыдэнт-гатэль», які паўстаў на месцы зруйнаванай «Кастрычніцкай» насупраць працоўнай рэзыдэнцыі Лукашэнкі, «Губернскі» на вуліцы Вызваленьня, да мэтавага перапрафіляваньня якога было шмат прэтэнзіяў з боку грамадзкасьці, а таксама нізказоркавыя навадзелы на «выселках» — «Ваяж» на вуліцы Якубоўскага і «Спорт Тайм» на Мястроўскай.

Каб здаць да канца сакавіка астатнія даўгабуды, застаўся акурат месяц. А аб’ёмы значныя. Перадусім — тры нізкабюджэтныя панэльныя дамы, аб’яднаныя пад шапкай «Гатэлі ў індустрыяльным выкананьні»: насупраць заводу «Інтэграл» на вуліцы Каржанеўскага, на вуліцы Купрэвіча блізу Парку высокіх тэхналёгіяў і побач з аўтавакзалам «Усходні» на вуліцы Кашавога.

Нарэшце, павінна быць завершаная рэканструкцыя гатэля «Беларусь» на Старажоўскай, а таксама здадзеныя «Славянская» на вуліцы Нарачанскай, «Bon-Hotel» на Альшэўскага, «Вікторыя Замкавая» на Замкавай, «Сьвіслач» на Ташкенцкай. Усе яны атрымаюць па тры зоркі.

Чатырохзоркавыя — «Вікторыя Траецкая» на вуліцы Кірыла і Мятода, «Вікторыя-Алімп» у структуры НАК на вуліцы Радужнай, «Вікторыя-ІІ» на праспэкце Пераможцаў, «Renaissance» на праспэкце Дзяржынскага. «Пэкін» у сьпісах хоць і фігуруе, але без асаблівых авансаў. А днямі сюды дадаўся патэнцыйна пяцізоркавы «Кемпінскі», на якім да таго былі паставілі крыж.

Як кажа вядомы архітэктар Міхаіл Пірагоў, шмат якія гатэльныя будынкі павырасталі, нягледзячы на пратэсты адмыслоўцаў і жыхароў Менску. Той жа «Кемпінскі» пахаваў пад сабой унікальны помнік архітэктуры — першую сталічную электрастанцыю. Спрэчнае пераабсталяваньне пад гатэлі будынкаў у гістарычным цэнтры сталіцы. Парушаныя і іншыя нормы:
Усё робіцца штучна, пад нейкія хвілінныя патрэбы. Вось трэба — і ніякія іншыя аргумэнты пад увагу не бяруцца. І паступова горад пераўтвараецца невядома ў што

«Усё робіцца штучна, пад нейкія хвілінныя патрэбы. Вось трэба — і ніякія іншыя аргумэнты пад увагу не бяруцца. І паступова горад пераўтвараецца невядома ў што. Тыя ж гатэлі: у „Прэзыдэнт-гатэлі“ забабахалі агромністыя круглыя залі, як у Нацыянальнай бібліятэцы. Дзеля чаго? Дарэчы, гэты прэзыдэнцкі гатэль каля адміністрацыі пачынаўся пад маркай рэканструкцыі гасьцініцы „Кастрычніцкая“. Але яе проста зьнесьлі дашчэнту і збудавалі наноў! Пры тым, што „Кастрычніцкай“ усяго дзесьці гадоў 40 было, а гэта фактычна ніякі ўзрост для такога будынку. Яе аўтар, архітэктар Пагарэлаў, сам толькі пару гадоў таму памёр. Прынамсі, не пабачыў, што зь ягоным дзецішчам нарабілі. Так што ня ведаю, да чаго гэта ўсё прывядзе».

Істотная праблема менскіх гатэляў — неадэкватная дарагоўля пражываньня. Калі ў суседніх сталіцах — Вільні, Варшаве, Кіеве — аднамесцавы нумар у трохзоркавым гатэлі рэальна наняць за 50 даляраў на суткі, то ў Менску за такія грошы можна знайсьці хіба што гостэл. Так, у «Плянэце» самы танны аднамесцавы нумар каштуе 120 даляраў, у такой жа трохзоркавай «Гарні» — 150 даляраў. Гэта ня кажучы пра нашмат больш зорныя месцы кшталту «Эўропы» ці «Прэзыдэнт-гатэля»: пакоі клясу «прэміюм» тут цягнуць на 320 і 330 даляраў адпаведна. Двухпакаёвы люкс зашкальвае за 500 даляраў, а «прэзыдэнцкі нумар» у аднайменным гатэлі — амаль 2500 даляраў за суткі.
XS
SM
MD
LG