Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд Цэнтральнага раёну Менску пачне разглядаць справу менчука Віктара Шаршуна, зьбітага міліцыянтамі за бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы.

Віктара Шаршуна вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і абразе супрацоўнікаў МУС.

Суд ня будзе разьбіраць дзеяньні міліцыянтаў, якія зьбілі Шаршуна, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Валеры Есьман таксама мусіць разгледзець скаргу Віктара Шаршуна пра «нязгоду зь вядзеньнем адносна яго адміністратыўнага працэсу».

Міліцыянты на пачатку лютага зьбілі жыхара Менску інваліда Віктара Шаршуна за тое, што той вывесіў на сваім гаўбцы бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля зьбіцьця Шаршуна шпіталізавалі.

Пратакол аформіў лейтэнант Ільля Бугор, супрацоўнік міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. У якасьці сьведкі выступіў Андрэй Верашчака, што пазначана ў адміністратыўным пратаколе на Віктара Шаршуна.

Сьцяг правісеў на гаўбцы Шаршуна 2 тыдні. Цяпер яго канфіскавала міліцыя.

Перад тым ён вывесіў нацыянальны сьцяг 19 сьнежня мінулага году ў памяць аб падзеях 2010 году, але пазьней невядомыя скралі яго, залезшы на дах крамы, якая знаходзіцца ў тым жа доме.

8 лютага Віктар Шаршун быў у сваёй кватэры на бульвары Шаўчэнкі, калі невядомыя пазванілі ў дзьверы, прадставіўшыся супрацоўнікамі ЖЭС. Але насамрэч гэта выявіліся супрацоўнікі міліцыі. Не прадставіўшыся, яны загадалі грамадзяніну зьняць бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў на ягоным бальконе, бо, паводле іхніх словаў, гэтая сымболіка незарэгістраваная.

Віктар Шаршун адмовіўся і паспрабаваў зачыніць уваходныя дзьверы. Тады міліцыянты выцягнулі яго на лесьвічную пляцоўку, пачалі зьбіваць. З кайданкамі на руках Віктара Шаршуна даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску, дзе ён прабыў да позьняга вечара.

Каля 21 гадзіны Віктара Шаршуна даставілі на вуліцу Мініна прайсьці агляд на прадмет ужываньня алькаголю. Пасьля яго ізноў адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. Ён дрэнна сябе адчуваў, давялося выклікаць хуткую дапамогу, якая шпіталізавала яго ў 2-ю клінічную бальніцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG