Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арсенія Яцанюка абралі прэм’ерам Украіны


Арсеній Яцэнюк, Віталь Клічко, Алег Цягнібок у Вярхоўнай Радзе

Арсеній Яцэнюк, Віталь Клічко, Алег Цягнібок у Вярхоўнай Радзе

За кандыдатуру Арсенія Яцанюка прагаласаваў 371 дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Супраць — 2.

Старшыня фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк у сваім выступе напярэдадні галасаваньня заявіў, што ня мае намеру балятавацца на прэзыдэнта Ўкраіны.

Акрамя таго, ён заявіў, што складзе дэпутацкі мандат.

Арсені Яцанюк заклікае ўдзельнікаў Будапэшцкага мэмарандуму гарантаваць бясьпеку і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Ён нагадаў, што ў час падпісаньня мэмарандуму ўсе бакі ўзялі на сябе адказнасьць за тое, што ніводная з краін ня будзе замахвацца на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

«Пад пагрозай знаходзіцца тэрытарыяльная цэласнасьць і адзінства Ўкраіны. Ідзе замах на сувэрэнныя правы ўкраінскай дзяржавы», — сказаў Яцанюк.

Будапэшцкі мэмарандум (Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі) — міжнародная дамова, заключаная 5 сьнежня 1994 г паміж Украінай, ЗША, Расеяй і Вялікабрытаніяй пра бязьядзерны статус Украіны.

Пагадненьне дае Ўкраіне гарантыі сувэрэнітэту і бясьпекі.

Тэзы выступленьня Яцанюка:

«Мы спадзяёмся на тое, што Расейская Фэдэрацыя, у першую чаргу, ня будзе парушаць Будапэшцкі мэмарандум, будзе рабіць усё для таго, каб сытуацыя ва Ўкраіне была стабільная, ня будзе ні пры якіх умовах падтрымліваць сэпаратыстаў і тых былых высокіх службовых асобаў Украіны, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы пра масавыя забойствы і злачынствы супраць чалавецтва. У першую чаргу я кажу пра Віктара Януковіча».

«У нас няма іншага выйсьця, як прымаць вельмі непапулярныя рашэньні. Гэта рашэньні, якія будуць тычыцца субсыдыяў, тарыфаў, скарачэньня сацыяльных праграмаў, захаваньня фінансавай сыстэмы краіны».

«Не абяцаю паляпшэньня ні сёньня, ні заўтра. Наша галоўная задача — стабілізацыя», — падкрэсьліў ён.

«Задача новага ўраду — гэта правядзеньне сумленных і празрыстых выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Як і ўсе выбары — яны будуць складанымі, але мы забясьпечым сумленнасьць і празрыстасьць, мы забясьпечым палітычную канкурэнцыю і мы забясьпечым перамогу таго, каго абярэ ўкраінскі народ».

«Хачу адзначыць моўнае пытаньне. Адзінай дзяржаўнай мовай зьяўляецца ўкраінская. І мы дакладна адзначаем: паводле артыкула 10 Канстытуцыі Ўкраіны адзіная мова, акрамя ўкраінскай, якая пазначаная ў Канстытуцыі, — гэта расейская (...) Мы забясьпечым усім нацыянальным меншасьцям, усім нацыянальна-культурным і этнічным групам гарантыі і правы іх разьвіцьця».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG