Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэрспэктыва» патрабуе ўдзелу ў абмеркаваньні праекту ўказу


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Рэспубліканскае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» патрабуе ўключыць у працоўную групу, якая рыхтуе праект указу «Аб некаторых пытаньнях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі», дробных прадпрымальнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Сёньня адпаведны зварот «Пэрспэктыва» накіравала ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзыдэнта.

Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка кажа, што група, якая абмяркоўвае будучы ўказ, не прадстаўляе ўсю прадпрымальніцкую супольнасьць:

«Сёньня ў межах працоўнай групы адбываецца абмеркаваньне вельмі важнага для дробных прадпрымальнікаў пытаньня суправаджальных дакумэнтаў, а менавіта праекту ўказу „Аб некаторых пытаньнях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі“. На жаль, гэтае абмеркаваньне адбываецца з удзелам сярэдняга і буйнога бізнэсу. Толькі два менскія індывідуальныя прадпрымальнікі дапушчаныя да гэтага абмеркаваньня».

Паводле Шумчанкі, да абмеркаваньня трэба далучыць прадстаўнікоў ягонай арганізацыі, а таксама дробных бізнэсоўцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі:

«Гэты ўказ будзе тычыцца ў асноўным прадстаўнікоў дробнага бізнэсу, таму іх неабходна далучыць да дыскусіі, прычым улічыўшы тэрытарыяльны аспэкт — гэта значыць, далучыць ІП з розных рэгіёнаў Беларусі. Цяпер думка дробных прадпрымальнікаў ня ўлічваецца».

Таксама Анатоль Шумчанка выказаў незадаволенасьць тым, якім чынам ідзе падрыхтоўка дакумэнта:

«Мы хочам, каб было прынята максымальна аб’ектыўнае рашэньне па дадзеным пытаньні. І ігнараваць „Пэрспэктыву“, якая мае аўтарытэт сярод прадпрымальнікаў і ведае іх праблемы, — значыць уцякаць ад рашэньня гэтых праблемаў. А цяпер усё робіцца кулюарна. У нас ёсьць апошні праект гэтага ўказу, але ён трапіў да нас неафіцыйна. Нічога афіцыйна не вывешваецца ў доступ, нічога не абмяркоўваецца».

Абмеркаваньне ўказу павінна завяршыцца 18 сакавіка. 1 чэрвеня ён мусіць быць прыняты. З 1 студзеня 2015 году прадпрымальнікам будзе забаронена працаваць без суправаджальных дакумэнтаў, нават калі на той час у іх застануцца тавары, увезеныя без адпаведнай дакумэнтацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG