Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нягледзячы на тое, што мясцовыя выбары на Гарадзеншчыне ў пераважнай большасьці акругаў адбываюцца на безальтэрнатыўнай аснове, толькі кандыдаты ад апазыцыі маюць праблемы з выбарчымі камісіямі.

Сябра АГП з Астраўца Івана Крука не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты з прычыны таго, што пяць подпісаў, пададзеных за яго ў камісію, былі нібыта несапраўднымі. Крук напісаў у абласную камісію скаргу, у якой тлумачыць, што ў акруговай камісіі яму адмовіліся прадставіць матэрыялы праверкі сапраўднасьці подпісаў.

Адмовіўся рэагаваць на скаргу Крука і раённы пракурор. Крук канстатуе, што на паседжаньні акруговай камісіі, на якім адбывалася рэгістрацыя кандыдатаў, ніводзін з прэтэндэнтаў ад улады нават не прысутнічаў і ні да кога зь іх не было ніякіх прэтэнзіяў. А вось яго не зарэгістравалі, хоць усе подпісы ён зьбіраў сам і спраўджваў некалькі разоў.

І вось сёньня ён атрымаў адказ з абласной камісіі, у якім гаворыцца, што для праверкі скаргі патрэбны дадатковы час. Крук зьдзіўлены, што на праверку 5 подпісаў не хапіла трох дзён.

Іван Крук

Іван Крук

Крук: «Абласная камісія звычайна на працягу трох дзён дае адказ. А тут, відавочна, палка аб двух канцах. Магчыма, гэтым самым яны хочуць падкрэсьліць дэмакратычнасьць выбарчага працэсу, а магчыма, проста зацягваюць час. Але такое здараецца ўпершыню».

Яшчэ аднаму сябру АГП, Міколу Ўласевічу з Астравецкага раёну, адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у абласны савет з прычыны таго, што ў заяве ён назваў абласны савет — Саветам народных дэпутатаў, а слова «народных» цяпер у назьве няма. Ён таксама напісаў скаргу, але ў адведзены законам тэрмін не дачакаўся адказу.

Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч

Уласевіч: «Няма тут ніякіх выбараў, і з гэтым трэба неяк сканчаць, бо гэта папросту нейкі зьдзек з нашых пачуцьцяў і нашага настрою».

У Ваўкавыску незалежны кандыдат Аляксандар Сезень выявіў, што на адным з выбарчых участкаў зьніклі сьпісы выбарцаў, якія жывуць у двух шматпавярховых дамах — гэта каля 200 чалавек. Калі ён пайшоў разьбірацца ў раённую камісію, на стале ўбачыў ужо гатовыя плякаты кандыдатаў ад улады, хоць пра ягоны плякат не было і гаворкі.

Сезень: «Гэта быў перадвыбарчы плякат начальніка ваўкавыскай міліцыі Навіцкага, ужо цалкам падрыхтаваны, са здымкам. Я запытаўся — што, у нас ёсьць ужо для некаторых прывілеі і ім друкуюць плякаты адразу, а некаму пакідаюць гэта на апошні дзень? Сакратар іх адразу перавярнула і сказала, што гэта да мяне ня мае дачыненьня. Я абурыўся, а сакратар выбарчай камісіі нічога не змагла мне адказаць».

У Слоніме актывіст Алесь Масюк распавёў, як яму давялося спраўдзіць ноў-хаў Цэнтравыбаркаму адносна таго, што кандыдаты цяпер маюць права адкрываць уласны рахунак і ўносіць на патрэбы выбарчай кампаніі свае сродкі. Рахунак ён адчыніў і хацеў пакласьці дазволеную суму — 10 базавых.

Масюк: «У касе пачалася мітусьня, касірка пачала тэлефанаваць і раіцца, а потым заяўляе мне, што ня можа прыняць адразу ўсю суму, а трэба прабіваць пяць разоў па дзьве базавыя. Маўляў, на гэта так настроена праграма ў банку. У выніку мне далі 5 квітанцыяў па дзьве базавыя».

У гарадзенскіх актывістаў Сяргея і Міколы Верамеенкаў наагул адмовіліся прыняць подпісы выбарцаў без аніякіх прычынаў. Яны прыйшлі здаваць подпісы за паўгадзіны да завяршэньня працы камісіі ў апошні дзень. Старшыня камісіі Ўладзімер Хлябіч нават не патлумачыў прычыны. Абодва напісалі скаргі ў міліцыю.

Праўда, адказаў ні з абласной камісіі, ні зь міліцыі не атрымалі, нягледзячы на тое, што законныя тэрміны на разгляд іхніх скаргаў даўно мінулі. Сяргей Верамеенка кажа, што нават і ня ведае, што пра гэта думаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG