Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Гайдукоў лічыць дні да вызваленьня


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Сям’я Андрэя Гайдукова, які адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19, з 21 па 24 лютага была на доўгатэрміновым спатканьні з палітвязьнем.

Гэта ўжо другое доўгатэрміновае спатканьне, першае прайшло ў кастрычніку 2013 году.

Маці Андрэя Вольга Гайдукова ў інтэрвію Радыё Свабода распавяла, як пачуваецца яе сын у зьняволеньні і чым мяркуе займацца пасьля вызваленьня, якое павінна адбыцца 8 траўня.

Як адчувае сябе Андрэй, які ў яго настрой?

Адчувае сябе нармальна і добра выглядае. Чакае вызваленьня, лічыць дні да 8 траўня. Засталося трошкі больш чым два месяцы, таму настрой у Андрэя ўжо не такі жахлівы, які быў на пачатку зьняволеньня, калі ні за што і ні пра што яго пасадзілі і ён зусім не чакаў гэтага.

Што Андрэй робіць у вольны час?

Вельмі шмат чытае. Мы кнігі перадаём. Вось зараз адвезьлі тыя, якія ён замовіў, і забралі ўжо прачытаныя. Таксама ён выпісвае «Народную волю», «БелГазету», «Беларусы і рынак».

Ці скардзіўся на што?

Сказаў, што кормяць нармальна. Але я думаю, што праз тое, што ён чакае хуткага вызваленьня, то ўжо не зьвяртае ўвагі на нейкія бытавыя моманты. Таму гэта ўсё становіцца другасным: і ежа, і ўмовы. Мы перадалі яму прадукты — сала, цукеркі, печыва. Таксама ў калёніі можна нешта купіць праз картку, куды мы пераводзім яму грошы. Тэлефануе тры разы на месяц, там ёсьць таксафон, але таксама трэба картка.

Чым думае заняцца пасьля вызваленьня?

Сказаў, што як прыедзе дадому, то будзе адпачываць і сустракацца зь сябрамі. А калі сур’ёзна, то пляны ў Андрэя ёсьць — трэба і працу шукаць, і сканчаць унівэрсытэт.

1 ліпеня 2013 году Андрэй Гайдукоў быў асуджаны на 1,5 года пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў «спробе ўсталяваць супрацоўніцтва з замежнай спэцслужбай».

8 лістапада 2012 году Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. 13 лістапада 2012 году Камітэт дзяржбясьпекі распаўсюдзіў інфармацыю пра спыненьне супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Беларусі, які займаўся на заданьне замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. У дачыненьні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт.356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці).
XS
SM
MD
LG