Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд адмяніў рашэньні Ленінскай раённай і Менскай гарадзкой выбарчых камісіяў аб нерэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавету актывіста партыі «Справядлівы сьвет» Мікалая Дылько.

Суд пастанавіў выдаць Дылько пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты па сталічнай выбарчай акрузе № 8.

Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр партыі Сяргей Калякін, які прысутнічаў на судовым паседжаньні:

«У нашага таварыша ёсьць лецішча ў Дзяржынскім раёне ў садовым таварыстве. І ён паказаў гэта ў дэклярацыі аб маёмасьці і прыбытках як сваю ўласнасьць. Але зямлю, на якой збудаваны дом, ён не пазначыў, бо ягоны ўчастак не прыватызаваны.

Дылько зрабіў усё паводле дзейнага заканадаўства. Аднак у дзьвюх выбарчых камісіях — раённай і гарадзкой — палічылі гэта парушэньнем. І толькі гарадзкі суд прызнаў, што патэнцыйны кандыдат у дэпутаты памылкі ў дэклярацыі не зрабіў».

Пакуль гэта толькі другі выпадак, калі скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты задаволеныя. Раней Берасьцейская абласная выбарчая камісія зарэгістравала сацыял-дэмакрата Генадзя Ігумнава кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарсавету.

Усяго ў рэгістрацыі адмовілі 353 кандыдатам. Аднак скаргі падалі менш за палову. Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк тлумачыць гэта так:

«Вялікага жаданьня абскарджваць у людзей няма. Усе ж ведаюць, чым гэта звычайна заканчваецца. Ды мы іх і не прымушалі. Тым, хто захацеў пісаць скаргі, мы дапамагалі іх скласьці».

Больш за 100 скаргаў ужо разгледжаныя.

Тым часам зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты пачалі агітацыю. Ім даецца магчымасьць адзін раз бясплатна выступіць па мясцовым радыё.

Мясцовыя выбары пройдуць 23 сакавіка.
XS
SM
MD
LG