Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Януковіч зьвярнуўся да Расеі па асабістую бясьпеку


Былы кіраўнік Украіны Віктар Януковіч папрасіў ва ўладаў Расеі забясьпечыць яму асабістую бясьпеку.

«На мой адрас і на адрас маіх паплечнікаў гучаць пагрозы аб расправе. Я вымушаны прасіць улады Расеі забясьпечыць мне асабістую бясьпеку ад дзеяньняў экстрэмістаў», — гаворыцца ў заяве Януковіча, атрыманай Інтэрфаксам.

Улады Расеі задаволілі просьбу Віктара Януковіча аб забесьпячэньні ягонай асабістай бясьпекі, паведамляе Інтэрфакс.

Таксама Януковіч заявіў, што лічыць сябе законна абраным прэзыдэнтам Украіны.

«Я, Віктар Фёдаравіч Януковіч, зьвяртаюся да народу Ўкраіны. Як і раней, лічу сябе законным кіраўніком Украінскай дзяржавы, абраным на аснове свабоднага волевыяўленьня ўкраінскіх грамадзян» , - гаворыцца ў яго заяве.

Януковіч абвешчаны ў міжнародны вышук за злачынствы супраць чалавечнасьці.

Апошні раз экс-прэзыдэнта бачылі ў Крыме.

27 лютага ўзброеныя людзі захапілі будынкі парлямэнту і ўраду Крыму. Пакуль яны не вылучылі ніякіх патрабаваньняў і адмаўляюцца ісьці на перамовы.

Віктар Януковіч таксама заявіў, што любы загад на выкарыстаньне ўзброеных сілаў унутры краіны будзе злачынствам.

«Я як дзейны прэзыдэнт не дазваляў Узброеным сілам Украіны ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя падзеі. Загадваю гэта і цяпер» , - гаворыцца ў заяве.

«У тым выпадку, калі нехта пачне аддаваць такія загады Ўзброеным сілам і сілавым структурам, гэтыя загады будуць незаконнымі і злачыннымі», — адзначаецца ў заяве.

Януковіч лічыць нелегітымным рашэньне, прынятыя Вярхоўнай Радай.

«На жаль, тое, што адбываецца цяпер у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, ня мае легітымнага характару», — заявіў ён.

Паводле Януковіча, рашэньні, якія цяпер прымае парлямэнт пры адсутнасьці многіх сяброў Партыі рэгіёнаў і іншых фракцый, зьяўляюцца незаконнымі.

Януковіч таксама называе «фактычным беззаконьнем» сытуацыю, калі ўкраінскіх кіраўнікоў выбірае натоўп, і ўпэўнены, што яго падтрымліваюць у гэтым паўднёвы ўсход Украіны і Крым.

Таксама Януковіч заявіў, што мае намер «да канца змагацца за выкананьне кампрамісных дамоўленасьцяў аб вывадзе Ўкраіны з крызысу».
XS
SM
MD
LG