Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка: нападнікі на парлямэнт Крыму маюць аўтаматы і кулямёт


Асобы, якія ў ноч на 27 лютага захапілі будынкі парлямэнту і ўраду Крыму, называюць сябе «прадстаўнікамі самаабароны рускамоўнага насельніцтва». Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер-міністар аўтаноміі Рустам Тэміргаліеў.

Сьведка начных падзеяў паведаміў Радыё Свабода, што нападнікаў было каля 50, яны добра экіпіраваныя і ўзброеныя, маюць аўтаматы і нават кулямёт. Сам Леанід быў сярод цывільных асобаў, якія з прарасейскімі лёзунгамі ноччу блякавалі будынак Вярхоўнай Рады Крыму.

Сёньня раніцай у вэстыбюлі Савету міністраў Крыму нападнікі кінулі сьвятлошумавыя гранаты ў бок журналістаў, якія спрабавалі даведацца пра іх патрабаваньні. Ад выбуху ніхто не пацярпеў.

Раніцай павінны былі пачацца перамовы крымскіх чыноўнікаў з нападнікамі.

У Крыме па трывозе паднятыя ўсе часткі ўнутраных войскаў і падразьдзяленьні міліцыі. Узмоцненая гатоўнасьць ва ўсіх вайсковых частках.

У Сімфэропалі сёньня абвешчаны выходны дзень.

У ноч на 27 лютага ўзброеныя людзі захапілі будынак Вярхоўнай Рады і Савету міністраў Крыму ў Сімфэропалі. Гэта пацьвердзіў выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў на сваёй старонцы ў Facebook. Над захопленым парлямэнтам Крыму ўзьняты расейскі сьцяг.
XS
SM
MD
LG