Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя захапілі памяшканьні ўраду і парлямэнту Крыму


27 лютага каля 05:50 невядомыя асобы захапілі будынак урада і парлямэнту Крыму. Пра гэта паведаміў лідэр Мэджліса крымска-татарскага народа Рэфат Чубараў.

«Паведамілі, што памяшканьне Вярхоўнай Рады Крыму і Савета міністраў Крыму занялі ўзброеныя людзі ва ўніформе без апазнавальных знакаў. Патрабаваньні пакуль не апублікаваныя», - напісаў Рэфат Чубараў у фэйсбуку.

Чубараў сказаў Радыё Свабода, што Мэджліс заклікае крымчан не набліжацца да ўрадавых будынкаў.

Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзіў таксама дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны з фракцыі «Бацькаўшчына» Андрэй Сенчанка. Ён дадаў, што праваахоўнікі зараз высьвятляюць, хто гэтыя людзі і якія матывы іх дзеяньняў. «Пакуль камэнтаваць інцыдэнт рана», — кажа Сенчанка.



Паводле крыніцы Радыё Свабода ў парлямэнце Крыма, невядомыя вывесілі сьцяг Расеі і на кантакт не ідуць.

Пацьверджаньняў захопу ад праваахоўных органаў пакуль няма.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў напісаў, што пад раніцу, узброены аўтаматычнай зброяй і кулямётамі, атрад невядомых асобаў захапіў будынак Вярхоўнай Рады Крыму ў Сімфэропалі.

«Па трывозе паднятыя ўнутраныя войскі і ўвесь склад міліцыі.

Для недапушчэньня кровапраліцьця сярод грамадзянскага насельніцтва ўведзена ачапленьне вакол квартала, дзе разьмешчана Вярхоўная Рада Крыму.

Прыняты яшчэ шэраг мераў рэагаваньня па супрацьдзеяньні разьвіцьцю экстрэмісцкіх дзеяньняў, недапушчэньні разьвіцьця сытуацыі ва ўзброенае сутыкненьне ў цэнтры гораду.

Правакатары на маршы. Час халоднай галавы, кансалідацыі здаровых сіл і дакладных дзеяньняў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG