Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агент «Кастусь» памёр. Пытаньні засталіся


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

«Я як расказваю аб тым, мне робіцца нядобра»

Ці мог я некалі ўявіць, натрапіўшы ў вясковай кнігарні на «Сярэбранага ездака» Сакрата Яновіча, аповесьць пра Каліноўскага, што «Кастусь» быў агентурнай мянушкай пісьменьніка? Як на сёньняшні розум, напісаў ён пра паўстаньне ў пэўным сэнсе, каб загладзіць сваю віну, што «пазычыў» імя беларускага героя.

У фільме пра Сакрата Яновіча, які стварылі Пётр і Анна Садзіньскія, пісьменьнік, як аказалася, разьвітваецца з жыцьцёвым шляхам. Ён памірае, і так заканчваецца стужка, хаця меркавалася запісаць наступныя маналёгі Яновіча, але яго ня стала, у лютым, год таму.

Пісьменьнік гаворыць у фільме:

«Я ня думаў, што я патрэбны ўладзе як сышчык, які будзе пісаць даносы на актывістаў беларускай культуры. А вярбунак мяне адбыўся летам 58-га году. Памятаю: запрасілі ў гатэль «Крышталь», які ёсьць і цяпер, і сказалі, што шукаюць добра зарыентаванага ў беларускай культуры чалавека, які будзе ім дапамагаць абараняць Беларускае таварыства і абараняць «Ніву». Бо яны ня маюць добрай арыентацыі ў беларускай культуры і просяць мяне аб дапамогу. А каб выглядала так, што каб я пасьля ня меў да іх жалю, то я павінен напісаць ім кароткую заяву, што згодны я дапамагаць для службы бясьпекі добраахвотна. Не пад прымусам, а добраахвотна. Наіўнасьць. Малады чалавек, ну малады, то й дурны, зайгралі на маіх амбіцыях, што я аказаўся вельмі важны, вельмі важны для ўлады…»

Супрацоўніцтва працягвалася дванаццаць гадоў, паводле Яновіча закончылася яно так:

«Я памятаю, гэта сталася недзе навесну: май, чэрвень 70-га году, я зайшоў да яго на кватэру, самавольна так. І сказаў, што я ўжо маю даволі, мне гэта вельмі не падабаецца, я, ну беларус, і я собе выпрашам, ну такія заданьні… І той Янкоўскі сказаў мне, каб я не нэрваваўся, быў спакойна, але я ўжо псыхічна ня мог сьцярпець гэтага Янкоўскага, я ўжо не даваў рады. Я як бы выратаваўся, я не спадзяваўся яшчэ тады, што яны мяне пачнуць прасьледаваць у 70-м годзе. Як элемэнт, непрыхільны ўладзе. Называлі мяне антысацыялістам. Я фактычна ня меў ужо стабільнай работы. Улада мяне не любіла. Як я дзе знайшоў работу, а яны даведаліся, то выганялі. Для мяне гэта цяжкія ўспаміны. Я як расказваю аб тым, мне робіцца нядобра».

Пакуль Яновіч спавядаецца, гледачы бачаць паперу з «Інстытуту нацыянальнай памяці», напісаную ад рукі, дзе гаворыцца пра агента Кастуся.

Пасьля прагляду мы гаварылі пра Яновіча з адным дасьледчыкам, гэта было ў Польшчы. Яновіча няма, але засталіся пытаньні. Нібы яго цкавалі, але менавіта тады, у 1970-я, ён рэальна змог стаць пісьменьнікам. З аднаго боку: так, дрэнна з працай, ёсьць час і патрэба нешта напісаць. З другога: яго пачалі друкаваць, выйшла нават кніжка ў БССР, што ўвогуле вялікая рэдкасьць. Нейк не спалучаецца з вобразам дысыдэнта, якога перасьледуюць. Гэты дасьледчык выказвае думку: а што, калі той размовай зь Янкоўскім у «Крышталі» не закончылася? Дарэчы: той жа, нібы няўдалы для яго, 1970-ы – год уступленьня Яновіча ў Саюз польскіх пісьменьнікаў. Звычайна тых, каго ўлада не любіла, выганялі з шэрагаў, а не прымалі.

Пры канцы жыцьця ён вярнуўся ў бацькоўскі дом у Крынках, дзе яму ўдалося заснаваць культурніцкі асяродак, можна сказаць, што таксама й свайго імя — «Вілу Сакрата». Тады пэўны час зь ім не хацелі кантактаваць. Вельмі нашкодзіў яму ягоны «Кастусь». І сапраўды, кажа дасьледчык, зь якім мы размаўлялі, ёсьць незразумелыя рэчы. Напрыклад: кватэра Яновіча ў цэнтры Беластоку. Як удалося атрымаць яе чалавеку, якога ўлада «не любіла»? Прычым, перабраўшыся ў Крынкі, ён здаў яе беларускаму дыплямату. Таксама дзіўна. Чалавек, які жоўчна ганіць у публікацыях рэжым Лукашэнкі, раптам здае жытло ягонаму чыноўніку, хоць гэта магло пашкодзіць рэпутацыі Яновіча.

«Сярэбраны яздок» пачынаецца з допыту: жандарскі палкоўнік Лосеў хоча «раскалоць» Парфіяновіча, каб атрымаць «прозьвішчы і адрасы». Палкоўнік разважае: каб арыштаваць кіраўніцтва паўстаньня, недастаткова агентуры, таму трэба цярпліва апрацаваць гэтага Парфіяновіча. На некалькіх старонках падрабязна апісваецца, як жандар «падбірае ключ да замка» арыштаванага, пасьля чаго той здае Вітажэнца. Самога Парфіяновіча расстралялі.

Цікава, што раман «Самасей» пачынаецца ў Яновіча з начнога арышту і допыту, толькі што дзея адбываецца ўжо ў Беластоку, у ПНР.

Сакрата Яновіча няма, але ён зьдзейсьніўся як пісьменьнік, моцна падтрымаў беларускую культуру ў Польшчы. У яго жыцьці былі драматычныя моманты, але быў вынік, плён. Апошні – гадавік Annus Albaruthenicus і Villa Sokrates, дзе зьбіраюцца інтэлектуалы з суседніх краінаў, каб абмеркаваць культурнае жыцьцё памежжа. Яна працягвае існаваць.
«Віла Сакратэс» у Крынках

«Віла Сакратэс» у Крынках


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG