Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спробы незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты абскардзіць рашэньні выбарчых камісіяў не прыносяць посьпеху. Ім адмаўляюць і вышэйстаячыя камісіі, і суды. Пакуль вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі, калі кандыдатам удалося дамагчыся перагляду першапачатковага рашэньня выбаркаму.

Берасьцейская абласная выбарчая камісія зарэгістравала сацыял-дэмакрата Генадзя Ігумнава кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарсавету. Яна скасавала адмоўнае рашэньне гарадзкой камісіі, якая абвінаваціла Ігумнава ў тым, што ён не паказаў у дэклярацыі свае лецішча і зямельны ўчастак.

Старшыня абласной партыйнай арганізацыі Ігар Маслоўскі кажа, што і лецішча, і зямлю Ігумнаў прадаў ужо шмат гадоў таму:

«Мы знайшлі тых людзей, якім гэта прадалі. Прад’явілі даведкі, што яны плацяць падаткі за зямлю. Прывялі факт, што і на мінулых выбарах Ігумнаў быў зарэгістраваны кандыдатам, хоць ён і тады не падаваў зьвестак пра лецішча і зямлю. Мы задаволеныя рашэньнем абласной камісіі. Часам бывае справядлівасьць».

Цікавы выпадак здарыўся ў Магілёве з Анатолем Заўялавым, — кажа намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў:

«Проста нейкі цуд. Паводле адной і той жа дэклярацыі нашага актывіста зарэгістравалі кандыдатам у Магілёўскі гарсавет, а ў Магілёўскі абласны — не. Ну як жа так можна? Ён цяпер там судзіцца наконт рэгістрацыі ў аблсавет. Але як такое можа адбыцца наагул, мне незразумела».

Усяго ў рэгістрацыі адмовілі 353 кандыдатам. Аднак скаргі падала толькі палова. Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк тлумачыць гэта так:
Вялікага жаданьня абскарджваць у людзей няма. Усе ж ведаюць, чым гэта звычайна заканчваецца

«Вялікага жаданьня абскарджваць у людзей няма. Усе ж ведаюць, чым гэта звычайна заканчваецца. Ды мы іх і не прымушалі. Тым, хто захацеў пісаць скаргі, мы дапамагалі іх скласьці».

Прадстаўнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі кажа, што каля 40 скаргаў, а гэта 80% ад агульнай колькасьці пададзеных актывістамі гэтай партыі скаргаў, ужо разгледжаныя. Але ніводнага перагляду першапачатковага рашэньня дагэтуль няма:

«У мяне таксама быў разгляд у Менску. І гэта — чыстая фармальнасьць. У іх ужо ляжыць загадзя падрыхтаваная раздрукоўка. І гэта — абсалютная копія папярэдняга рашэньня. Зьмяняюць толькі „шапку“. Спачатку мне адмовіла Фрунзенская раённая камісія, а пасьля — Менская гарадзкая. Вось і ўсё».

Тым часам зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты ўжо пачалі агітацыю. Ім даецца магчымасьць адзін раз бясплатна выступіць па мясцовым радыё.

Мясцовыя выбары пройдуць 23 сакавіка.
XS
SM
MD
LG