Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мэджліс крымска-татарскага народу склікаў крымчан на мітынг супраць сэпаратызму пад мурамі крымскага парлямэнту.

Яны заклікаюць захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і не дапусьціць прыняцьця Вярхоўнай Радай Крыму рашэньняў, накіраваных на дэстабілізацыю сытуацыі ў аўтаноміі.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік Мэджліса Заір Сьмядляеў у Фэйсбуку. Афіцыйная старонка Мэджліса цяпер з-за хакерскіх нападаў не працуе.

Са спасылкай на старшыню Мэджлісу Рэфата Чубарава Сьмядляеў паведаміў, што старшыня Вярхоўнай Рады Крыму Ўладзімер Канстанцінаў прыняў рашэньне склікаць пазачарговую сэсію мясцовага парлямэнту «пад ціскам унутраных і зьнешніх сіл, якія выношвалі ідэі адрыву Крыму ад Украіны».

Чубараў лічыць, што Вярхоўная Рада Крыму можа прыняць непапраўныя рашэньні («невосполнимые решения»), якія «ўзарвуць мір і згоду на паўвостраве».



Лідэр Мэджліса яшчэ раз зьвярнуўся да кіраўніцтва парлямэнту Крыму з прапановай адмяніць пазачарговую сэсію і «пазьбегнуць такім чынам рашэньняў, якія могуць істотна абвастрыць грамадзка-палітычную сытуацыю ў Крыме», — паведаміў Заір Сьмядляеў.

Прэзыдыюм крымскага парлямэнту пастанавіў учора склікаць 26 лютага пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады АРК. У парадак дня ўнесены два пытаньні — «Аб грамадзка-палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і АРК» і «Аб справаздачы Савету міністраў АРК».

Каля крымскай Вярхоўнай рады таксама сабраліся на мітынг прыхільнікі ідэі далучэньня Крыму да Расеі.

Абодва мітынгі, у якіх бяруць удзел па некалькі тысяч чалавек, разьдзяляе кардон міліцыі, паведамляе Грамадзкае тэлебачаньне.

У сваім выступе на мітынгу кіраўнік Мэджліса Рэфат Чубараў заявіў, што заплянаваная на сёньня сэсія ВР Крыму можа дэстабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне.

«Мы іх папярэдзілі, каб яны не прызначалі сэсію. Не падрывайце сытуацыю ў Крыме. Бо было зразумела, што сэсію прызначаюць, каб распачаць дзеяньні для адрыву Крыму ад Украіны. Мы папярэдзілі, што крымскія татары не дазволяць гэтага. Татары не дазволяць вырашаць бязь іх лёс гэтай зямлі», — заявіў лідэр крымскіх татараў.

Паводле ягоных слоў, галоўным фактарам дэстабілізацыі ў Крыме застаецца кіраўнік парлямэнту Канстанцінаў.

«Канстанцінаў і дэпутаты павінны выступіць цяпер з запэўненьнем, што ні цяпер, ні потым ня будзе сэсіяў, на якіх будзе закранацца пытаньне аб статусе Крыму», — заклікаў Чубараў.

На мітынгу татары масава скандуюць: «Украіна!», «Слава Ўкраіне! — Героям слава!».

Бюджэт Крыму на 66% датуецца зь дзяржбюджэту Ўкраіны, а Севастопаля — на 80%. Пра гэта ў эфіры «5 каналу» заявіў дэпутат ВР Крыму Леанід Пілунскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG