Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гады два таму сябры перадалі мне нумар часопіса «Сибирские огни», што выдаецца ў Новасібірску. У ім я са зьдзіўленьнем выявіў цэлую нізку сваіх вершаў у перакладзе на расейскую мову Ўладзімера Бяразева — галоўнага рэдактара названага выданьня. Паколькі перакладчык і рэдактар у адной асобе не дамаўляўся са мной наконт публікацыі, я накіраваў у рэдакцыю лагодны ліст-пратэст. Менавіта лагодны, бо па перакладах было відно, што гаспадзін Бяразеў нямала над імі папацеў, абсалютна ня ведаючы мовы. Блукаў упоцемках. Гэта быў якраз той выпадак, калі «конікі ў канюшыне» перакладаюцца як «лошадки в конюшне».

Лагаднеў мой пратэстны настрой яшчэ і таму, што на добрую палову той нумар «Сибирских огней» складаўся зь беларускіх аўтараў. Як тут не парадавацца за разнасьцежаныя перад імі бяскрайнія сібірскія далягляды. Праўда, перагаварыўшы пазьней зь некаторымі зь іх, я пераканаўся, што і зь іхнай інтэлектуальнай уласнасьцю гаспадзін Бяразеў абышоўся, папросту кажучы, па-зладзейску. Параіў ім таксама нагадаць сібірскаму рэдактару пра існаваньне ў цывілізаваным сьвеце аўтарскага права.

Адказу з Новасібірску ні я, ні мае калегі так і не атрымалі. Падумалі, пасаймікаваліся і вырашылі лічыць нашы творы гуманітарнай дапамогай Сібіры. Недзе ў глыбіні душы цешыла і тое, што сучаснай беларускай літаратурай зацікавіліся менавіта сібіракі. Калі яны там апошні раз беларускага пісьменьніка бачылі? Алеся Гаруна да рэвалюцыі, Уладзімера Жылку ў 1933-м, Ларысу Геніюш у 1950-я... Усіх — ссыльнымі і вязьнямі. Хай жа вольных і незалежных пабачаць.

Здарэньне тое мінулася і амаль забылася. Зноў успомніць пра яго прымусілі падзеі ва Ўкраіне. Нячысты на руку папулярызатар беларускай літаратуры ў Сібіры Ўладзімер Бяразеў занядбаў свае «Сибирские огни» (вымушана, бо колькі месяцаў таму быў зьняты з рэдактарскай пасады за фінансавыя махінацыі) і ўсплыў на прылеглай да Беларусі ўкраінскай тэрыторыі. У Данецку. Там ён уступіў у баявую дружыну «Оплот» і рыхтуецца да ўзброенага змаганьня за далучэньне да Расеі Крыму і паўднёва-усходніх украінскіх зямель. Гэта ж не паленаваўся прыехаць за тысячы кілямэтраў, каб даць адпор, як ён піша, «майданутым бандеровцам». Ім жа былы рэдактар прысьвячае і свае баявыя вершаваныя радкі: «Хромая свобода кричит в инвалидной коляске / кровавое „геть“. / Во славу народа / срываю посмертные маски / сквозь траура медь. / Не по принужденью я выйду на битву / за русский авось...».

Каму толькі не даліся ў знакі гэтыя расейскія авосі... Вось і цяпер цэлая — як завязаць — авоська авосяў. Са спадзевам на авось сёньня ў Крыме зрываюць з флягштокаў і паляць украінскія сьцягі, а на іх месца вешаюць расейскія трыкалёры. Са спадзевам на авось пад’езды да Севастопаля патрулююць расейскія бронетранспартэры. Са спадзевам на авось тэрмінова прыбылыя ў Крым дэпутаты Расейскай Думы абяцаюць усім жадаючым расейскія пашпарты — як дзесяць гадоў таму ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. А раптам — удасца, пашанцуе, праскочыць. Як праскочыла ў Грузіі. Колькідзённы бліцкрыг — і траціну краіны адкроілі...

Ня ўдасца і не праскочыць. Гарачыя галовы безадносна ад іх знаходжаньня забыліся, што ў 1994 годзе ў Будапэшце Расея падпісала адзін цікавы дакумэнт — «Аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі». Гарантамі таксама выступілі ЗША і Вялікабрытанія. Так што абхаскі варыянт у Крыме не праходзіць — на трэцюю сусьветную нават самыя ваяўнічыя расейскія ястрабы не адважацца. Дарэчы, аналягічны дакумэнт Расея, ЗША і Вялікабрытанія падпісалі і зь Беларусьсю.

У Харкаве калісьці ўзьвялі найвялікшы ў СССР помнік Леніну. Ён і сёньня стаіць у атачэньні ахоўных барыкадаў, бо для абаронцаў, якія штовечар сьпяваюць пад ім «Вставай, страна огромная...», гэта ня проста перажылы сваю эпоху помнік, а сымбаль і гістарычная каштоўнасьць. Помнікі Леніну пасыпаліся па ўсёй Украіне, а гэты на ўсходзе мусіць стаяць, бо калі ляжа і ён, на што тады абапруцца прыехалы з Новасібірску гаспадзін Бяразеў са сваімі харкаўскімі і данецкімі аднадумцамі?

Трэба прызнаць, што ў гэтага баявога экс-рэдактара, які пагарэў на «Сибирских огнях», нямала аднадумцаў і сярод літаратараў. «Фашиствующей мразью» назваў кіеўскі Майдан вядомы расейскі пісьменьнік-фантаст Сяргей Лук’яненка. А ўсю Ўкраіну — «проклятой землёй, которая три поколения будет избавляться от подлости и трусости».

Наўрад ці даволі малады яшчэ Лук’яненка чытаў беларускага савецкага клясыка Аркадзя Куляшова, які ў адной са сваіх балядаў параіў герою-камсамольцу адвечны спосаб барацьбы зь іншадумствам: «Кніжку спалі — і размовам канец». А вось беларускі блогер Яўген Ліпковіч куляшоўскую баляду вучыў у школе на памяць. І вось ужо ў менскім Севастопальскім парку запалала вогнішча з кніг Лук’яненкі. І падобная пэрспэктыва чакае гэтага аўтара на прасторы ад Львова да Краматорска. Відаць, ён такой рэакцыі і дамагаўся. Вольнаму — воля.

У нешматлікім хоры асуджэньняў новай Украіны нечакана для мяне прагучаў голас паэткі Юнны Пятроўны Морыц. Нечакана, бо гэта ж яна пераклала на расейскую мову верш Віталя Кароціча «Просьба старога лерніка», які стаў вядомай песьняй пад назвай «Перавядзі мяне цераз Майдан». Нечакана, бо гэта яна яшчэ ў 60-я хрушчоўскія адрэагавала на рэпрэсіі супраць творчай інтэлігенцыі славутымі радкамі: «Кто это право дал кретину / совать звезду под гильотину?».

Гільяцінаў на Майдане не было. Там былі снайпэры. І чамусьці, як засьведчылі раздрукоўкі іхных размоваў, перамаўляліся яны выключна па-расейску. Вышуквалі жывыя мішэні і «работали по ним». Паводле Юнны Пятроўны Морыц — па «русофобам». Бо іх было найбольш на Майдане. Мабыць, праз свае цэйсы па артыкуляцыі вызначалі, хто русафоб, хто ўкраінафіл...

Што ж правакуе таленавітых творцаў і небяздумных палітыкаў на неадэкватныя словы і ўчынкі? Што гоніць гаспадзіна Бяразева з Новасібірска ў Харкаў, а маскоўскіх дэпутатаў у Крым?

Іх правакуе фантомны боль. Фантомны боль імпэрыі. Ёсьць гэткі панятак у мэдыцыне, калі раптоўна пачынае балець ампутаваная рука ці нага. Балець страшна, амаль невыносна.

Расеі баліць тое, што ёй даўно не належыць, з чым яна аніяк ня можа зьмірыцца. І ад гэтага фантомнага болю няма лекаў. Расея перастане ад яго пакутаваць толькі тады, калі адмовіцца ад сваіх вялікадзяржаўных, імпэрскіх амбіцый. А амбіцыі гэтыя на нашых вачах толькі большаюць. Таму і дыягназ мае быць доўгатрывалы.

Поруч з хворым суседам жыць няўтульна, а нават небясьпечна. Але Ўкраіне і Беларусі выпаў такі лёс — назіраць, як не дае спакою суседняй краіне невылечны і непрадказальны фантомны боль імпэрыі.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG