Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд паправак у праект закона «Пра ўнясеньне зьменаў і дапаўненьняў у закон «Пра ваенны стан» могуць разглядацца Палатай прадстаўнікоў у красавіку. Чарговая сэсія пачынаецца 2 красавіка.

Законапраект ужо ўтварыў вакол сябе скандал. Падзеі ва Ўкраіне, дзе ўлада спрабавала ўцягнуць войска ў падаўленьне пратэстаў, прымусілі беларускае грамадзтва пільна ўчытацца ў прапанаваныя ў законе зьмены.

Новы законапраект мяняе само вызначэньне ваеннай пагрозы. Цяпер сярод іншага яно прадугледжвае і дзеяньні іншай дзяржавы ці арганізацый, якія дзейнічаюць з тэрыторыі іншай дзяржавы, якія накіраваныя на ініцыяваньне ў Беларусі масавых непарадкаў, якія суправаджаюцца прымяненьнем узброенай сілы ці паказваюць на рэальны намер прымяняць узброеную сілу супраць незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.

Паводле паправак у законапраект, падчас увядзеньня ваеннага стану абмяжоўваецца дзейнасьць СМІ, ажыцьцяўленьне банкаўскіх апэрацый, праваахоўным органам дазваляецца ажыцьцяўляць праслухоўваньне грамадзянаў бяз санкцыі пракурора, а таксама праводзіць дагляд і вобшук, забараняецца ўтвараць новыя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, а ўезд і выезд з краіны можа быць забаронены ня толькі замежнікам, але і грамадзянам Беларусі.

Вайскоўцы пазбаўляюцца адказнасьці за ўчыненьне шкоды здароўю і жыцьцю ў выпадку прымяненьня імі зброі і спэцсродкаў. Аднак прымяненьне зброі і спэцсродкаў можа ажыцьцяўляцца ў акрэсьленых умовах.

Дэпутаты запэўніваюць, што абмеркаваньне паправак у закон «Пра ваенны стан» ніяк не зьвязана з падзеямі ва Ўкраіне. Закон быў унесены ў Палату прадстаўнікоў яшчэ 9 сьнежня 2013 году. У той жа час незалежныя экспэрты асьцерагаюцца, што прыняцьце новага закону разьвяжа ўладам рукі пры падаўленьні масавых пратэстаў у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG