Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэрты назвалі найлепшыя музычныя альбомы 2013 году


25 лютага адбылася цырымонія ўзнагароджаньня найлепшых выканаўцаў папулярнай музыкі Беларусі на падставе выдадзеных цягам 2013 году альбомаў.

Ужо шосты год запар сайт experty.by называе пераможцаў на падставе ацэнак, выстаўленых сябрамі ажно чатырох журы.

Сыстэма вызначэньня лепшых у 2013 годзе істотна зьмянілася. Прыкладам, калі раней пераможцу ў намінацыі «Найлепшы альбом» вызначалі толькі штатныя экспэрты ў колькасьці 4 чалавек, дык па выніках 2013 году на агульны вынік уплывала сума ацэнак як штатных экспэртаў, якіх зрабілася на двух чалавек больш, так і вялікага журы (6 штатных і 10 пазаштатных). Улічваліся таксама ацэнкі так званых «народных экспэртаў» — пастаянных наведнікаў сайту, і, традыцыйна, — музычных ацэньшчыкаў зь пяці суседніх зь Беларусьсю краін — Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі, Украіны. Апрача гэтага, у 2013 годзе штатныя экспэрты загадзя адслухоўвалі новыя рэлізы і на падставе выстаўленых ацэнак вырашалі, якія зь іх вартыя рэцэнзаваньня на сайце. Такім чынам, цягам мінулага году было разгледжана 47 альбомаў беларускай музыкі.

Усяго былі названыя найлепшыя ў 11 намінацыях. Пры гэтым загадзя было абвешчана, што пераможца ў намінацыі “Альбом году” атрымае поўную рэклямна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрту ад генэральнага партнэра прэміі інтэрнэт-правайдэра “Атлант Телеком” і experty.by, а пераможца ў намінацыі “Найлепшы беларускамоўны альбом” атрымае такую ж падтрымку ад грамадзкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і experty.by.

Такім чынам, “Найлепшым дэбютным альбомам” мінулага году быў названы “The Sandman” групы “Pafnutiy’s Dreams”, які таксама атрымаў перамогу ў намінацы “Найлепшы інструмэнтальны альбом”, і быў прызнаны найлепшым альбомам паводле меркаваньня штатных экспэртаў сайту.

Найлепшым беларускамоўным альбомам была вызначана праца групы “BosaeSonca” пад назваю “Адпусьці”. Паводле ацэнак экспэртаў сайту найлепшым поп-альбомам году зрабілася праграма Макса Коржа “Жить в кайф”. Найлепшым рок-альбомам была вызначана праграма Сяргея Пукста і ягонай групы “Pukstband” пад назваю “Последний альбом”. Гэтая ж праграма паводле вынікаў галасаваньня чатырох журы толькі па дадатковых паказчыках была названая лепшай і ў намінацыі “Альбом году”. У намінацыі “Лепшы фолк-альбом” была адзначана праграма “Traukamurauka” групы “Kriwi”.

Апрача гэтага, удзельнікі чатырох журы вызначылі ўласных фаварытаў. Пры гэтым, прыз народных экспэртаў дайшоў да групы “The UNB” за альбом “Крот-фронт”, замежныя знаўцы аддалі свой голас маладому музыку з Гомля, які выступае пад нікам (((0))).

Kriwi, Вераніка Круглова

Kriwi, Вераніка Круглова



Bosae Sonca

Bosae Sonca



Pafnutiy's Dreams

Pafnutiy's Dreams



Pukstband

Pukstband




XS
SM
MD
LG