Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці натхніць Майдан Плошчу?


Украінская рэвалюцыя павінна мець значны ўплыў на суседнія дзяржавы. Ці напужаў Майдан беларускія ўлады? Як паўплываюць украінскія падзеі на стратэгію і тактыку апазыцыі? Як беларускае грамадзтва ўспрыняло фэномэн Майдану?

Удзельнікі: палітоляг Сяргей Нікалюк і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Рэкцыя беларускіх уладаў на Майдан


Валер Карбалевіч: «Беларускія ўлады заўсёды хваравіта рэагавалі на рэвалюцыі ў іншых краінах. Пасьля „памаранчавай рэвалюцыі“ ва Ўкраіне ў 2005 годзе Лукашэнка доўга цьвердзіў, што „ў нас Майдану ня будзе“, у Беларусі прынялі шэраг паправак у законы — гэтыя папраўкі журналісты назвалі „антырэвалюцыйнымі“. Узгадаем, як Лукашэнка рэагаваў на падзеньне рэжыму Бакіева ў Кіргізстане, нават прапаноўваў, каб АДКБ неяк абараняла дзейныя рэжымы. А пасьля падзеньня рэжыму Кадафі і забойства лібійскага лідэра Лукашэнка тэрмінова арганізаваў вучэньні тэрытарыяльнай абароны. А якая рэакцыя ўжо была і яшчэ будзе цяпер у беларускіх уладаў?»

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк: «Рэакцыя Лукашэнкі была апэратыўная. Маю на ўвазе ягоную заяву 23 лютага. І яна мяне крыху зьдзівіла. Бо ягоныя ацэнкі ўкраінскіх падзеяў былі досыць мяккія. Лукашэнка тлумачыў гэтыя падзеі аслабленьнем улады ва Ўкраіне, карупцыяй, беспакаранасьцю, „безалабернасьцю“, безадказнасьцю ўладаў. Рэакцыя Крамля — прынцыпова іншая. Увогуле, кіраўніцтва Беларусі паводзіць сябе адносна ўкраінскіх падзеяў досыць нэўтральна.

Хачу адзначыць яшчэ адзін важны момант, на які мала зьвяртаюць увагу. Раптам высьвятляецца, што супрацоўнікі сілавых структураў за свае дзеяньні мусяць адказваць, нават калі яны выконвалі загад. То бок, калі міліцыянт страляе ў народ, то беспакараным ён не застанецца. Думаю, пакараньне сілавікоў ва Ўкраіне яшчэ наперадзе. І для беларускіх сілавікоў вынікі гэтага працэсу ў суседняй краіне будуць мець значэньне».

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман: «Думаю, не зусім карэктна параўноўваць рэакцыю на ўкраінскія падзеі Крамля і афіцыйнага Менску. Бо Расея мае значныя геапалітычныя інтарэсы, яна хоча захаваць там сваю прысутнасьць. У беларускіх уладаў інтарэс іншы. А менавіта: не даць рэвалюцыйнай інфэкцыі з Украіны перакінуцца на беларускую глебу. Лукашэнка сапраўды лічыць, што прычынай краху рэжыму Януковіча стала карупцыя і адарванасьць яго ад рэальных праблемаў грамадзтва. У Беларусі ж рэальнасьць іншая.

Але тым часам з ініцыятывы прэзыдэнта ў Палаце прадстаўнікоў будуць уносіцца папраўкі ў закон „Аб ваенным становішчы“. Там абмяжоўваюцца магчымасьці людзей на акцыі пратэсту, пашыраюцца правы супрацоўнікаў сілавых структураў на прымяненьне зброі і інш. То бок аўтарытарны рэжым робіць высновы з памылак украінскіх кіраўнікоў. Так было пасьля „памаранчавай рэвалюцыі“, так ёсьць і цяпер».


Майдан і беларуская апазыцыя


Карбалевіч: «Каляровыя рэвалюцыі», якія адбыліся ў шэрагу краінаў, заўсёды моцна натхнялі беларускую апазыцыю. Узгадваю, як пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча ў беларускай апазыцыі нават зьявіўся лёзунг: «Бялград — учора, Менск — сёньня». Галоўным сродкам перамогі яна лічыла Плошчу, то бок — масавыя акцыі пратэсту на вуліцах. Асабліва натхніла беларускую апазыцыю ўкраінская «памаранчавая рэвалюцыя». А што цяпер?"

Нікалюк: «Мне цяжка ўявіць беларускую апазыцыю, якая ўносіць сутнасныя зьмены ў сваю стратэгію. Галоўная выснова, якую трэба зрабіць нават і без урокаў Майдану, палягае ў тым, што асноўная ўмова супрацьстаяньня аўтарытарнай уладзе — гэта актыўнасьць самога грамадзтва. Напрыклад, чым другі Майдан адрозьніваецца ад першага? Першы Майдан (2004–2005 гг.) быў арганізаваны контрэлітай. А другі, цяперашні Майдан — гэта быў працэс зьнізу. Афіцыйная апазыцыя, якая мела фракцыі ў парлямэнце, увесь час адставала. Майдан і лідэры апазыцыі ўвесь час разыходзіліся між сабой».

Прэйгерман: «Зразумела, шмат залежыць ад ролі грамадзтва. Але ёсьць два фактары, якія адрозьніваюць украінскую сытуацыю ад беларускай. У беларускай апазыцыі няма альтэрнатыўных сродкаў фінансаваньня, што ёсьць ва Ўкраіне. Там ёсьць алігархі. Па-другое, у беларускай апазыцыі зусім меншы, непараўнальны з Украінай арганізацыйны і інтэлектуальны патэнцыял».


Майдан і беларускае грамадзтва


Карбалевіч: «Як беларускае грамадзтва адрэагавала на цяперашні Майдан? Ці стаў ён натхняльным прыкладам? Ці, наадварот, вялікія забурэньні, забітыя людзі напужалі беларусаў і яны атрымалі прышчэпку ад рэвалюцыяў?»

Нікалюк: «Няма сацыялягічных дасьледаваньняў, таму можна толькі меркаваць. Можна паспрабаваць параўнаць з грамадзкімі настроямі ў Расеі, дзе такія дасьледаваньні адбываюцца пастаянна. Вось дадзеныя „Лявада-Цэнтру“ на канец студзеня (то бок яшчэ да крывавых падзеяў зь вялікімі ахвярамі). 84% расейцаў ацэньваюць Майдан як спробу дзяржаўнага перавароту. Януковіча падтрымлівалі 24%, прыхільнікаў Майдану — 9%.

Беларускае грамадзтва расколатае на так званую „меншасьць“ і „большасьць“. Думаю, дэмакратычная „меншасьць“ (25–30% ад усяго грамадзтва) ацэньвае ўкраінскую рэвалюцыю вельмі пазытыўна. А ацэнкі „большасьці“ будуць падобныя да расейскай большасьці.

Цяпер, пасьля краху рэжыму Януковіча, інфармацыйныя плыні зьмяніліся. Зьявілася шмат інфармацыі пра багацьці вышэйшай украінскай намэнклятуры, якія знаходзяць у іхніх дамах. І гэтая інфармацыя будзе не на карысьць былой украінскай улады».

Карбалевіч: «Расейскія і беларускія афіцыйныя тэлеканалы даводзілі, што на Майдане сабраліся выключна „бандэраўцы“, „баевікі“, „бандыты“. І вось цяпер высьвятляецца, што гэтыя „бандыты“ перамаглі, улада рухнула. Прычым гэтыя „бандыты“ цяпер абвешчаныя нацыянальнымі героямі Ўкраіны. Вось нават Днепрапятроўскі гарсавет перайменаваў плошчу Леніна ў плошчу Герояў Майдана. Вы ня думаеце, што для значнай часткі беларускіх абывацеляў, якія верылі афіцыйным тэлеканалам, гэтая перамена знакаў у ацэнцы ўкраінскіх палітычных сілаў стане культурным шокам?»
Меркаваньне большасьці фармуецца дзяржаўнымі мэдыямі. Уласна кажучы, тое, што вымяраецца сацыялёгіяй, — гэта мэдыйнае рэха

Нікалюк: «Думаю, шоку ня будзе. Усё гэта добра апісана яшчэ ў рамане Оруэла, калі цягам пяці хвілін грамадзтва разварочвалі ў процілеглы бок. Меркаваньне большасьці фармуецца дзяржаўнымі мэдыямі. Уласна кажучы, тое, што вымяраецца сацыялёгіяй, — гэта мэдыйнае рэха. Так і тут. Паступова будзе мяняцца карцінка на тэлевізіі, а за ёй будзе крочыць абывацель.

Трэба мець на ўвазе, што непасрэдна рэвалюцыйныя падзеі хутка пройдуць. Лукашэнка слушна сказаў, што хутка на першы плян выйдуць эканамічныя праблемы. Трэба ж будзе плаціць заробкі, пэнсіі. А тут вялікія праблемы. Так што праціўнікі Майдана маюць нядрэнныя пэрспэктывы. Яны будуць казаць: вось бачыце, што атрымалася ў выніку. І ўсё гэта будзе ўплываць і на беларускае, і на расейскае грамадзтва. Бо вядома ж, што з узяцьцем Бастыліі рэвалюцыя не заканчваецца, а толькі пачынаецца».

Прэйгерман: «Я таксама не чакаў бы нейкага культурнага шоку. Бо ўсё, што адбываецца, можа лёгка ўпісаць у афіцыйную інтэрпрэтацыю расейскіх і беларускіх тэлеканалаў. Маўляў, перамаглі людзі з радыкальнымі поглядамі, якія цяпер прымаюць радыкальныя рашэньні.

Але ж самае галоўнае — гэта, сапраўды, наступствы рэвалюцыі. Калі праз 1–2 гады ва Ўкраіне пачнецца эканамічны росквіт, гэта будзе адна сытуацыя. Беларусы будуць езьдзіць на адпачынак у Крым, Адэсу — і бачыць, што цэны там ніжэйшыя, заробкі вышэйшыя. І гэта паўплывае на беларускае грамадзтва ў кірунку пазытыўнага ўспрыняцьця цяперашніх украінскіх падзеяў. Калі ж паўтарыцца сытуацыя, якая была пасьля „памаранчавай рэвалюцыі“, то і адносіны беларусаў да гэтых падзеяў будуць адпаведныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG