Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцам — узнагароды, астатнім — кпіны


Білборд з Дар’яй Домрачавай на праспэкце Незалежнасьці ў Менску

Білборд з Дар’яй Домрачавай на праспэкце Незалежнасьці ў Менску

25 лютага ў Палацы незалежнасьці, які адначасова зьяўляецца рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі, уганаравалі прызэраў зімовай Алімпіяды-2014.

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава атрымала званьне Героя Беларусі, яе сяброўка па біятлённай камандзе Надзея Скардзіна, фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір узнагароджаныя ордэнамі Айчыны ІІІ ступені. Трэнэр лыжных акрабатаў Мікалай Казека атрымаў аналягічны ордэн І ступені, стаўшы поўным кавалерам гэтай дзяржаўнай узнагароды. А вось прадстаўнікі іншых дысцыплінаў былі раскрытыкаваныя за адсутнасьць вынікаў: «Дзе ж мужыкі, дзе нашыя лыжнікі, дзе іншыя?», — задаўся пытаньнем Лукашэнка.

Адкрываючы імпрэзу, прэзыдэнт краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка заявіў, што трыюмфатары спаборніцтваў прынесьлі Беларусі ўсясьветную вядомасьць: «Гэта былі незабыўныя хвіліны патрыятычнага ўздыму і адзінства нацыі». Паводле Лукашэнкі, Беларусь доўгія гады ішла да цяперашняга посьпеху, «зрабіўшы стаўку на спорт як на адзін з прыярытэтаў сацыяльнага разьвіцьця, крыніцу фізычнага і маральнага здароўя нацыі».

Кульмінацыяй стала ўручэньне Дар’і Домрачавай зоркі Героя Беларусі: «Заваяваўшы тры залатыя мэдалі на адной Алімпіядзе, ты, Даша, стала легендай усясьветнага спорту. І твой спартовы і грамадзянскі подзьвіг адзначаны найвышэйшым званьнем Героя Беларусі. А іх у нас зусім няшмат», — канстатаваў Лукашэнка.

Домрачава — першая зь беларускіх спартоўцаў, хто апынуўся ў адной кампаніі з «дэнамінатарам» Пракаповічам, канструктарам аўтазаку Высоцкім, экс-кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы Філарэтам, прамыслоўцамі, аграрнікамі ды вайскоўцамі. Ці заслугоўваюць прадстаўнікі спартовай галіны найвышэйшага званьня? Меркаваньні на гэты конт розьняцца. Аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Шчурко перакананы: праца атлетаў мусіць ацэньвацца, як і ўсе іншыя. А значыць, і сярод спартоўцаў павінны быць свае героі:

Сяргей Шчурко

Сяргей Шчурко

«Чаму б і не? Яны ж дасягаюць значных вышыняў у пэўнай галіне чалавечай дзейнасьці. І калі даюць Герояў у культуры, навуцы, мастацтве, у чымсьці яшчэ, то чаму б не даваць за спорт? Тым больш, што дасягненьні Домрачавай, я лічу, сапраўды выбітныя. Даша гэтага вартая. І ўвогуле было б дзіўна, каб у спартовага журналіста гэта выклікала адпрэчаньне. Калі ты працуеш у спорце і бачыш, якая гэта жудасна цяжкая праца, колькі намаганьняў чалавек уклаў і ўрэшце дасягнуў такога посьпеху, то разумееш, што ўсё справядліва. Таму наконт Героя Домрачавай ня бачу нейкіх супярэчнасьцяў. Ня часта бываю згодны з такога кшталту захадамі, але ў дадзеным выпадку цалкам падзяляю».

А вось спартовы тэлекамэнтатар Аляксандар Пуціла лічыць, што любы спартовец працуе найперш для сябе і ўжо потым думае пра дзяржаву ці прэзыдэнта:

Аляксандар Пуціла

Аляксандар Пуціла

«Думаю, што таксама подзьвіг — тры залатыя мэдалі Алімпійскіх гульняў. Але, напэўна, званьне героя дзяржавы, Героя Беларусі трэба даваць перадусім таму чалавеку, хто зрабіў важкі ўнёсак у яе разьвіцьцё. Бо ўсё ж трэба прызнаць: Дар’я Домрачава ў першую чаргу ўсё гэта зрабіла дзеля сябе, дзеля свайго іміджу, дзеля ўласнага дабрабыту. Скажам так, ня вынайшла нейкага інвэстыцыйнага супэрпраекту, які ўзбагаціў бы нашу дзяржаву і г.д. Спорт — гэта рэч асабістая. Чалавек робіць свае гераічныя ўчынкі (зрэшты, як хто на гэта яшчэ паглядзіць), у першую чаргу, дзеля сябе. Таму, можа, гэтае званьне героя занадта пасьпешлівае. Зь іншага боку, Лукашэнку, па сутнасьці, няма чым ганарыцца ў Беларусі. Няма эканомікі, няма нічога з таго, што мы можам прадаваць па ўсім сьвеце. Спорт — ледзь не адзінае, што можа ствараць імідж краіне. Вось гэта яго і забаўляе».

Варта ўзгадаць, што Лукашэнка публічна расказваў, што ўласнаручна расклаў схему, як Домрачавай страляць і бегчы па дыстанцыі. На хвалі эўфарыі ад «сумеснай перамогі» нават распарадзіўся паслаць па спартоўцаў у Сочы борт № 1, каб тыя з камфортам вярнуліся на радзіму. Аднак учора ў менскім аэрапорце прызямліўся зусім не абяцаны «Боінг», а стары Ту-154М, які пасьля абнаўленьня прэзыдэнцкага авіяпарку перайшоў на балянс Савету міністраў. Дарэчы, усе астатнія, каму не давялося стаяць на п’едэстале, ляцелі ў Менск сьледам за элітай звычайным чартэрам — разам з валянтэрамі, заўзятарамі, журналістамі. Чаму так здарылася — Аляксандар Пуціла:

«Калі зьявілася інфармацыя, што Лукашэнка адправіць свой „Боінг“, я адразу выказаўся ў гутарках з калегамі: зразумела, гэта ня будзе борт № 1. Па-першае, спартоўцы, трэнэры, іх родныя — гэта ўсё ж людзі пабочныя, яны не павінны бачыць тое, што знаходзіцца на гэтым борце. Вядома, у Лукашэнкі не адзін самалёт, які ён можа паслаць пад маркай свайго, але ясна, што ня той, на якім ён лятае ня так далёка — у Маскву, бо куды яшчэ далей? Гэта як бы яго прыватнасьць, ён ні ў якім разе ня дасьць ёю камусьці карыстацца. А тым больш — безь яго ведама, калі ён не назірае асабіста. Думаю, гэта быў ці няўдалы жарт, ці праца на публіку, папулісцкі ход — маўляў, прэзыдэнт клапоціцца пра сваіх алімпійцаў. На самой справе аказалася, што ўсё значна больш празаічна, чым паэтычна. Але Лукашэнку нешта сказаць — самі разумееце, раз плюнуць. А вось зьдзейсьніць — зусім іншая справа. Такая вось падвойная асоба. Зрэшты, гэта ўжо зусім іншая размова».

Цяпер паўстае пытаньне своечасовых выплат прызэрам Алімпійскіх гульняў. Калі зыходзіць з ранейшага досьведу, то давядзецца нямала пабегаць па кабінэтах, каб выцягнуць заслужаны ганарар. Яшчэ перад адлётам у Сочы прызэрам абяцалі істотнае матэрыяльнае стымуляваньне: 150 тысяч даляраў — за першае месца, 75 тысяч — за другое, 50 тысяч — за трэцяе. Пры гэтым у Міністэрстве спорту і турызму пераконваюць, што падаткі з гэтых сумаў браць ня будуць. Тым часам адна толькі Домрачава «настраляла» ў Сочы на 450 тысяч даляраў, а з улікам Цупер, Кушніра і Скардзіны агульная сума склала 800 тысяч. Апроч таго, да наступнага алімпійскага цыклю давядзецца кожнаму плаціць прэзыдэнцкую стыпэндыю — каля 3 тысяч даляраў штомесяц.

У ранейшыя гады істотным даважкам была яшчэ кватэра ў Менску, аднак, пачынаючы ад летняй Алімпіяды-2012 у Лёндане, нерухомасьць у якасьці бонуса не фігуруе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG