Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін зь лідэраў украінскай апазыцыі Віталь Клічко пацьвердзіў, што ён будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны на датэрміновых выбарах, якія адбудуцца 25 траўня.

«Я буду ў выбарчым бюлетэні на пасаду прэзыдэнта Украіны,» — заявіў журналістам сёньня кіраўнік партыі УДАР.

Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла сёньня, што прэтэндэнты на ўдзел у выбарах мусяць да 4 красавіка зарэгістраваць свае кандыдатуры.

Былы прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка таксама разглядаецца ў якасьці патэнцыйнага кандыдата. Цімашэнка, якая была галоўным палітычным канкурэнтам Януковіча, была вызваленая з турмы ў суботу і абвясьціла аб сваім намеры зьвярнуцца ў Нямеччыну па мэдычную дапамогу з прычыны хранічных боляў у сьпіне.

Паводле дзеючага закону экс-прэзыдэнт Віктар Януковіч зараз балятавацца ня зможа, бо яго паўнамоцтвы былі спыненыя датэрмінова.

Паводле экспэртаў, у сьпісе кандыдатаў ад апазыцыі, акрамя Клічка — лідэр парлямэнцкай фракцыі партыі «Бацькаўшчына» Арсені Яцанюк, пазафракцыйны дэпутат Вярхоўнай Рады, бізнэсовец Пятро Парашэнка і лідэр праварадыкальнай партыі «Свабоды» Алег Цягнібок.

Харкаўскі губэрнатар Міхаіл Добкін, які баіцца арышту з-за сваіх сэпаратысцкіх заяваў, ужо заявіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты. Калі яго зарэгіструе ЦВК Украіны, то да канца кампаніі ён атрымае недатыкальнасьць і яго нельга будзе арыштаваць. Партыя «Свабода» заклікае Цэнтарвыбаркам не прымаць дакумэнты ад Добкіна.

Што тычыцца іншых кандыдатаў, то ад Партыі рэгіёнаў (былой кіруючай партыі) ў якасьці магчымых кандыдатаў разглядаюцца лідэр яе парлямэнцкай фракцыі Аляксандар Яфрэмаў і былы банкір, былы віцэ-прэм’ер Сяргей Цігіпка.

Таксама гучаць меркаваньні, што ад Майдану могуць балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду лідэр «Правага сэктару» Дзьмітры Яраш і камэндант Майдану Андрый Парубій. Праўда, іх шанцы, як і шанцы прадстаўнікоў былой партыі ўлады, экспэрты ацэньваюць як мінімальныя.
XS
SM
MD
LG