Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя рэгіёнаў ня хоча адказваць за Януковіча


Сябры Партыі рэгіёнаў навыперадкі выракаюцца былога прэзыдэнта Ўкраіны. А харкаўскі губэрнатар Міхаіл Добкін нават прэтэндуе на ягонае месца — хоча балятавацца ў прэзыдэнты.

Больш як на траціну зьменшылася фракцыя ПР у Вярхоўнай Радзе. Яе пакінулі больш за 70 чалавек з 210. 33 зь іх ужо сфармавалі новую дэпутацкую групу — «Эканамічнае разьвіцьцё». Яе ўзначалілі Анатоль Кінах і Віталь Хамуціньнік.

Сёньня таксама стала вядома, што старшыня Севастопальскай гарадзкой адміністрацыі Ўладзімер Яцуба падаў у адстаўку і заявіў пра выхад з Партыі рэгіёнаў.

«Я больш у гэтай партыі не магу заставацца пасьля ўсяго, што адбылося», — заявіў ён журналістам.

Партыя рэгіёнаў усё больш актыўна адмяжоўваецца ад усяго, што зьвязвае яе з былым прэзыдэнтам Віктарам Януковічам.

«Партыя рэгіёнаў ня можа несьці адказнасьць за рашэньні аднаго чалавека», — такую заяву зрабіў у панядзелак 24 лютага старшыня парлямэнцкай фракцыі ПР Аляксандар Яфрэмаў.

Такім чынам ён патлумачыў відэазварот, які зрабіў ад імя партыі на наступны дзень пасьля таго, як Вярхоўная Рада прыняла рашэньне пра самаўхіленьне прэзыдэнта ад выкананьня канстытуцыйных абавязкаў.

«Украіне здрадзілі, а людзей сутыкнулі лбамі. Уся адказнасьць за гэта ляжыць на Віктары Януковічы і ягоным бліжэйшым атачэньні», — заявіў Яфрэмаў.

Партыя Рэгіёнаў доўгія гады забясьпечвала Віктару Януковічу палітычную падтрымку. Яшчэ ў суботу, 23 лютага, калі Януковіч апошні раз зьявіўся на публіцы, ён спадзяваўся, што зможа абаперціся на аднапартыйцаў.

«Партыя перажыла шмат такіх часоў. Мы перажылі 2004–2005 год, калі выйшла з партыі каля 200 тысяч. Але пасьля ўвайшло парадку 600 тысяч. Там паўтара мільёна. Ну, няхай выйдзе 500 тысяч, хоць я ня думаю, што столькі выйдзе. Партыя здаровая», — казаў Януковіч.

Вера Януковіча ў падтрымку хаўрусьнікаў была настолькі моцная, што ён заявіў пра зьбіцьцё пратэстоўцамі сьпікера парлямэнту рэгіянала Ўладзімера Рыбака:

«Яго зьбілі. Ён прыехаў да мяне, па дарозе абстралялі машыну. Прыехаў да мяне і папрасіў, каб я яго забраў. Я яго забраў і зараз адправіў яго машынай у Данецк».

Уладзімер Рыбак таксама пасьпяшаўся абвергнуць словы ўжо былога прэзыдэнта. У відэазвароце былога сьпікера ніякіх сьлядоў зьбіцьця не відаць.

«Гэта абсурд, гэта прыдумкі. Я ня памятаю за сваё жыцьцё, каб на мяне хтосьці падымаў руку ці нейкія іншыя дзеяньні былі. Падобнага і блізка не было», — казаў Рыбак.

А прадстаўнік Віктара Януковіча ў Вярхоўнай Радзе рэгіянал Юры Мірашнічэнка нават расплакаўся ў жывым эфіры, молячы ўкраінскі народ прабачыць яго. Ён таксама выказаўся за ўваходжаньне ПР у новы кааліцыйны ўрад, каб «не дапусьціць сэпаратызму».

Уладзімер Рыбак, у сваю чаргу, заявіў, што партыя возьме ўдзел у новых выбарах, але павінна «ачысьціцца».

«Людзі, якія абралі для сябе іншы шлях, будуць выключаныя з партыі», — заявіў народны дэпутат.

Скандальны губэрнатар Харкаўскай вобласьці Міхаіл Добкін дакладна абраў іншы шлях. Ён абвясьціў пра намер выставіць сваю кандыдатуру на новых прэзыдэнцкіх выбарах. Назіральнікі ва Ўкраіне кажуць, што такім чынам Добкін хоча пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці за заклікі да сэпаратызму.

Яшчэ адна папулярная постаць ПР — дэпутат Алег Цароў, вядомы сваімі неадназначнымі заявамі, — выставіў вакол свайго дома ўзброеную ахову ў масках.

Толькі дарадца прэзыдэнта Ганна Герман застаецца ўголас верная Януковічу. Яна пасьлядоўна абвяргала інфармацыю пра самавольную адстаўку Віктара Януковіча ў суботу, 23 лютага. Выглядае, што яна і адзіная, хто падтрымліваў зь ім стабільны кантакт.

"Я ніколі не адракаюся ад людзей. Хрыстос таксама 40 дзён размаўляў з д’яблам. Думаю, што Віктар Фёдаравіч трохі лепшы за д’ябла, — заявіла Герман.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG