Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена грамадзянства ды абарона Леніна — рэакцыя Данбасу на рэвалюцыю


У Данецку рэвалюцыйныя зьмены ў краіне ўспрынялі неадназначна. З аднаго боку, Віктар Януковіч расчараваў свой электарат, з другога — парадак рэчаў, які выбудоўваўся ў сьвядомасьці людзей гадамі, мамэнтальна разваліўся.

Апошнімі днямі грамадзкая актыўнасьць у Данецку вырасла больш, чым за ўсе месяцы палітычнага крызісу. Прычым, цяпер сярод мясцовых жыхароў больш тых, хто абараняе ня Віктара Януковіча, а помнік Леніну, які знаходзіцца пад кругласутачнай аховай добраахвотнікаў. Што да экс-прэзыдэнта, то яго лічаць здраднікам нават тут. Жыхар Данецку Віталь распавёў Радыё Свабода, чаму лічыць Януковіча здраднікам:

«Ён проста здрадзіў усёй краіне, а асабліва Усходу, які аддаваў за яго голас. Там загінулі з-за яго дзеці-ваенныя, і таксама людзі. Ён не зрабіў нічога! Фэдэралізацыя будзе, і будзем тут ініцыяваць», — распавядае ён.

«Калі зараз будуць выбары — галасаваць няма за каго!»

Нягледзячы на тое, што абласная ўлада адмежавалася ад заклікаў фэдэралізацыі, некаторую частку жыхароў данеччыны пакуль прыцягвае менавіта такі сцэнар. Жыхар горада Павал кажа, што з-за апошніх падзеяў бліжэйшым часам зьменіць грамадзянства .

«Я не прызнаю путчыстаў уладай, не прызнаю рэгіяналаў, якія „леглі“ пад путчыстаў, уладай. Я буду атрымліваць расейскае грамадзянства, і ў сябе на радзіме, тут у Данецку, даказваць, што Данецк — гэта Расея. Ва Ўкраіне няма ўлады — гэта тэрарысты, уладай я іх не прызнаю. І мы гатовыя змагацца і з уладай » рэгіёнаў", і з Народнымі радамі. Наш прыклад — гэта Сэвастопаль«, — сьцьвярджае ён.

Актыўнасьць праяўляюць і мясцовыя пэнсіянэры — дае аб сабе ведаць старажытны міт пра бандэраўцаў, якія замахваюцца на мясцовую тэрыторыю. Менавіта бандэраўцамі называе новую ўладу пэнсіянэрка Зоя Іванаўна, заўважаючы, што яе жахаюць апошнія падзеі:

«Што мы думаем пра падзеі? Мы ў жаху! Пасьля вайны я вучылася ў Чарнаўцах, ва унівэрсытэце. І там вайна ішла з бандэраўцамі да 53 -га году, а цяпер яны прыйшлі да ўлады. Я не кажу, што я за Януковіча — і ніколі за яго не была. А наогул, зараз, калі выбары будуць, галасаваць нам няма за каго», — адзначае яна.

Пасьля Януковіча ў галовах застаўся вакуум

Затое ўдзельнікі мясцовага Эўрамайдану перамогай усьцешаныя і ўжо рыхтуюць прапановы адносна якасных зьменаў у рэгіёне і антыкарупцыйныя ідэі. Валіць Леніна тут не зьбіраюцца, хоць і адзначаюць, што ідэалягічную пустэчу, якая ахапіла данеччыну, трэба запоўніць чымсьці якасна новым.

«Калі браць падзеі апошніх двух дзён, то я ўяўляю, якой беспарадак пануе ў галовах і сьвядомасьці жыхароў Данбасу, 15 гадоў верылі ў Віктара Фёдаравіча Януковіча, падтрымлівалі яго — і ў адзін момант усё павалілася. Людзі страцілі зьнешнія арыентыры. У галовах людзей рэальна ўтварыўся вакуум. Вельмі важна, каб гэты вакуум быў запоўнены правільнымі пасыламі, а ня зноў прапагандай органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіраваньня», — кажа грамадзкі дзеяч, старшыня Данецкай абласной арганізацыі Камітэту выбаршчыкаў Украіны Сяргей Ткачэнка.

Старшыня Данецкай аблдзяржадміністрацыі Андрэй Шышацкі ўжо прызнаў легітымным органам дзяржаўнай улады Вярхоўную Раду, але ў адстаўку падаваць не зьбіраецца, і ўжо паабяцаў працаваць над зьніжэньнем сацыяльна-палітычнай напружанасьці ў рэгіёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG