Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўручаць прэміі «Залаты апостраф»


Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

25 лютага ў «Арт Сядзібе» будуць абвешчаныя пераможцы літаратурнай прэміі «Залаты апостраф-2013», якую штогод ладзіць часопіс «Дзеяслоў».

Сёлета ўручаць прэміі за найлепшыя публікацыі ў намінацыях «паэзія», «проза» і «non-fiction», якія друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» цягам 2013 году.

Пераможцаў традыцыйна абірае рэдакцыя часопіса, а гэта літаратары Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка і Андрэй Федарэнка. Разам з тым паўплываць на вынікі прэміі маглі і ўсе ахвочыя — галасаваньне за найлепшыя творы адбывалася таксама ў інтэрнэце.

«Галасаванка чытачоў у інтэрнэце, безумоўна, улічваецца. Гэта, па сутнасьці, як яшчэ адзін сябра журы. Аднак канчатковае рашэньне за журы ў складзе рэдакцыі „Дзеяслова“. Таму інтрыга будзе захоўвацца да моманту абвяшчэньня пераможцаў», — сказаў Радыё Свабода намесьнік галоўнага рэдактара «Дзеяслова» Алесь Пашкевіч.

Такім чынам, інтрыга, што да ляўрэатаў, захоўваецца. Вынікі ж галасаваньня сярод чытачоў у інтэрнэце наступныя. У намінацыі «Паэзія» перамагла Вольга Гронская за твор «Казкі пра вар’ятаў», апублікаваны ў «Дзеяслове» № 67. У намінацыі «Проза» чытачы палічылі найлепшай Еву Вежнавец за апавяданьне «Вінны яблык», які выйшаў у «Дзеяслове» № 66. У намінацыі «non-fiction» чытачы аддалі найбольш галасоў за крытычныя артыкулы Сяргея Кавалёва «Нязьдзейсьнены праект пакаленьня. Драматургія „Бум-Бам-Літа“», што выйшаў у «Дзеяслове» № 64, і «Прэпараваньне міфа. Таварыства „Тутэйшыя“ ў люстэрку крытыкі», апублікаваным ў «Дзеяслове» № 63.

Таксама рэдакцыя «Дзеяслова» ўручыць прэмію аднаму са старэйшых пісьменьнікаў — за ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру.

Літаратурная прэмія «Залаты апостраф» заснаваная ў 2003 годзе рэдакцыяй часопісу «Дзеяслоў», аўтары якога і становяцца намінантамі. У розныя гады яе ляўрэатамі станавіліся Леанід Дранько-Майсюк, Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Валярына Кустава, Вольга Гапеева, Вольга Іпатава і іншыя.
XS
SM
MD
LG