Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто запоўніць вакуўм улады ва Ўкраіне пасьля адхіленьня прэзыдэнта Віктара Януковіча? Карэспандэнт Свабоды Клэр Біг прыглядзелася да найлепшых гульцоў.

Скіданьне Віктара Януковіча азначае трыюмфальную перамогу праэўрапейскіх пратэстоўцаў Украіны пасьля ахвярнага трохмесячнага супрацьстаяньня з уладамі. Але гэта таксама апускае краіну ў новую палітычную нявызначанасьць.

Пакуль парлямэнт, дзе дамінуе апазыцыя, спрабуе выкінуць усіх, хто прымаў рашэньні, якія прывялі да гібелі людзей, зьяўляецца шмат спэкуляцыі наконт таго, хто стане новымі лідэрамі 45-мільённай Украіны.

Аляксандр Турчынаў


Аляксандр Турчынаў

Аляксандр Турчынаў

Абраны пераважнай большасьцю дэпутатаў парлямэнту Ўкраіны выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта на наступны дзень пасьля скіданьня Віктара Януковіча.

Блізкі да Юліі Цімашэнкі Турчынаў будзе выконваць абавязкі прэзыдэнта да прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня.

Былы кіраўнік службы дзяржбясьпекі Ўкраіны (СБУ) зьяўляецца адным зь вядучых чальцоў партыі «Бацькаўшчына», і яго палітычная кар'ера была цесна зьвязаная зь Юліяй Цімашэнкай.

Турчынаў – баптыст і пладавіты пісьменьнік, чый псыхалягічны трылер «Ілюзія страху» быў экранізаваны, а фільм намінаваўся на прэмію Амэрыканскай кінаакадэміі за лепшы фільм на замежнай мове ў 2008 годзе.

Хоць цяпер ён трымае рычагі ўлады, Турчынаву ня цалкам давяраюць актывісты Эўрамайдану. Многія зь іх абурыліся, калі Турчынаў папрасіў іх пайсьці дадому пасьля ад'езду Януковіча з Кіева.

Ягоныя крытыкі кажуць пра брудныя рукі палітыка. Абвінавачаньне падмацоўваецца дакумэнтамі Wikileaks, у якіх сьцьвярджаецца, што ён зьнішчыў сакрэтныя доказы сувязяў Цімашэнкі з босам арганізаванай злачыннасьці падчас яго знаходжаньня на пасадзе кіраўніка СБУ.

Турчынава шырока крытыкуюць за адсутнасьць харызмы, што магло б зьнізіць яго палітычныя шанцы бліжэйшыя месяцы. Ягоная спроба балятавацца на пасаду мэра Кіева ў 2008 годзе скончылася поўнай паразай, нягледзячы на падтрымку Цімашэнкі.

Заявы Турчынава супраць геяў у 2007 годзе, калі ён назваў гомасэксуалізм «вычварэнствам», таксама зрабілі яго ворагам для праваабаронцаў.

Юлія Цімашэнка


Юлія Цімашэнка

Юлія Цімашэнка

Галоўны супернік Януковіча на мінулых выбарах, лідэр другой па велічыні палітычнай партыі краіны «Бацькаўшчына».

Цімашэнка, гераіня Аранжавай рэвалюцыі 2004 году, набрала крыху менш за Януковіча галасоў выбарнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, потым была зьняволеная паводле абвінавачваньняў у злоўжываньні службовым становішчам, што многія разглядалі як помсту Януковіча.

Яе вызваленьне з турэмнага шпіталя 22 лютага пасьля больш чым двух гадоў у турме нечакана штурхнула яе назад на палітычную арэну Ўкраіны.

Нягледзячы на адмову ад магчымага прызначэньня на пасаду в.а. прэм'ер -міністра, Цімашэнка дала зразумець, што будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на новых прэзыдэнцкіх выбарах 25 траўня.

Прызначэньне Турчынава, аднаго зь яе бліжэйшых хаўрусьнікаў, часовым прэзыдэнтам можа павысіць яе шанцы на вяртаньне да ўлады.

Шэраг заходніх палітыкаў, у тым ліку канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, павіншавалі яе з вызваленьнем.

Яна таксама атрымала падтрымку магутнага расейскага заканадаўца Леаніда Слуцкага.

Яе дзейнасьць на пасадзе прэм'ер-міністра пасьля Аранжавай рэвалюцыі, аднак, ацэньвалася неадназначна, і многія актывісты Эўрамайдану глядзець на яе з падазрэньнем. Многія пратэстоўцы кажуць, што яны прагнуць новых асобаў у кіраўніцтве краіны.

Горкі асадак ад яе альянсу зь яшчэ адным пераможцам Аранжавай рэвалюцыі Віктарам Юшчанкам адштурхоўвае многіх выбаршчыкаў і ўздымае пытаньне аб яе здольнасьці забясьпечыць лідэрства для Ўкраіны.

Віталь Клічко


Віталь Клічко

Віталь Клічко

Жорсткі крытык Януковіча ўжо больш як дзесяць гадоў, баксёр, а цяпер палітык, які браў актыўны ўдзел у пратэстах на Эўрамайдане.

42-гадовы кіраўнік палітычнай партыі «Удар», якая змагаецца супраць карупцыі ва ўрадзе.

У адрозьненьне ад большасьці палітыкаў, у тым ліку ў апазыцыі, ён ніколі ня быў зьвязаны з карупцыяй.

Клічко адмовіўся ад пасады намесьніка прэм'ер-міністра, прапанаванай яму Януковічам, назваўшы гэта «атрутным» крокам, нацэленым на раскол у апазыцыі.

Ён заклікаў пратэстоўцаў застацца на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве пасьля зьвяржэньня Януковіча і паабяцаў, што вінаватыя ў забойствах дэманстрантаў будуць перасьледавацца паводле закону.

Але Клічко таксама выклікаў на сябе гнеў людзей на вуліцах, калі ён паціснуў руку Януковічу пасьля таго, як прэзыдэнт падпісаў пагадненьне з апазыцыяй.

Віталь Клічко плянуе балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 25 траўня.

Арсень Яцанюк


Арсень Яцанюк

Арсень Яцанюк

Іншы заўважны саюзьнік Юліі Цімашэнкі, Яцанюк займаў кіруючыя пасады ва ўрадзе да прэзыдэнцтва Януковіча, у тым ліку міністра замежных справаў і міністра эканомікі.

Ён падтрымлівае інтэграцыю ў ЭЗ і свабодную ад карупцыі Ўкраіну.

Былы адвакат, галоўны перамоўнік ад «Бацькаўшчыны» падчас пратэстаў на Эўрамайдане заклікаў заканадаўцаў прызначыць некаторых актывістаў Майдану міністрамі.

Але ён, здаецца, страціў частку свайго ўплыву з моманту, як Турчынава прызначылі часовым прэзыдэнтам.

Пётр Парашэнка


Пётр Парашэнка з жонкай

Пётр Парашэнка з жонкай

«Шакалядны кароль», уплывовы алігарх, хаўрусьнік Цімашэнкі, да якога варта прыглядзецца.

Сябра «Бацькаўшчыны» і даўні крытык Януковіча Парашэнка раней працаваў міністрам замежных спраў і міністрам гандлю. Адзін зь нямногіх алігархаў, якія відавочна падтрымлівалі пратэстоўцаў, Парашэнка таксама сарваў аплядысмэнты ад Эўрамайдану, калі далучыўся да разьвітаньня з загінулымі ў гэтыя выходныя.

Багацьце Парашэнкі ацэньваецца у $ 1 мільярд.

Эўрамайдан


Загартаваныя ў баях пратэстоўцы, якія яшчэ займаюць плошчу Незалежнасьці, застаюцца вельмі скептычнымі да асноўных палітыкаў.

Зь іх кола, як чакаецца, могуць зьявіцца новыя асобы на палітычнай сцэне Ўкраіны, хоць, хто будзе выступаць як самастойна кандыдат у прэзыдэнты ад Эўрамайдану, пакуль незразумела.

Як сьведчаньне аб недаверу да палітычнай эліты можна разглядаць тое, што атрады самаабароны Эўрамайдану спынілі аўтамабілі, якія перавозілі Яцанюка і Цімашэнку ў Кіеве 22 лютага, і не дазволілі ім парушыць парадак руху.

Актывісты сказалі ім, што ўкраінцы «ўсе роўныя перад законам» і параілі мець на ўвазе – «хто зрабіў гэтую рэвалюцыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG