Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны 24 лютага пастанавіла надаць званьні Героя Ўкраіны ўсім загінулым на Эўрамайдане падчас рэвалюцыйных падзеяў. У сьпісе загінулых пад № 2 значыцца і ўраджэнец Гомелю Міхаіл Жызьнеўскi.

Яго забілі 21 студзеня з вогнепальнай зброі стрэлам у сэрца падчас сутычак на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Да свайго 26-годзьдзя Міхаіл не дажыў чатыры дні. Пахавалі Жызьнеўскага 28 студзеня на могілках у вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомелем.

Пазьней у сеціве зьявілася відэа, зьнятае 19 студзеня на вуліцы Грушэўскага. На ім бачна, як беларус Жызьнеўскі стаіць паміж байцамі ўнутраных войскаў і пратэстоўцамі, заклікаючы людзей не чапаць салдат. Відавочцы да таго ж сьцьвярджаюць, што лёзунг «За нашу і вашу свабоду!» для Міхаіла ня быў галаслоўным.

Маці Жызьнеўскага на наданьне ўсім загінулым званьняў Героя Ўкраіны рэагуе са сьлязьмі:

«Добра, што ўкраінцы не забываюць. Але што мне ад сынавага геройства, калі я плачу. Сяджу й думаю: лепей, відаць, было б, каб я выхавала сына не героем. Няхай бы ён быў іншым — і жыў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG