Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замест абяцанага «Боінга» алімпійцам падалі стары Ту-154


Прэзыдэнцкі самалёт зь беларускімі алімпійцамі прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце «Менск» з трохгадзінным спазьненьнем. Як патлумачылі самі спартоўцы, затрымка была выкліканая тым, што ў Сочы вельмі доўга загружалі іхні багаж.

Насамрэч бартоў было два: у старым Ту-154м Аляксандра Лукашэнкі ляцелі разам з трэнэрамі і спартовымі функцыянэрамі пераможцы і прызэры Алімпіяды, сярод якіх трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір, біятляністка Надзея Скардзіна. У другім вярталіся «спартовыя турысты», якія, ня вызначыўшыся адметнымі вынікамі, не заслужылі і прэзыдэнцкай увагі.

Але фактычна Лукашэнка падмануў спартоўцаў. Адпачатку ён заяўляў, што аддаў распараджэньне выправіць за трыюмфатарамі Гульняў-2014 борт № 1 — прэзыдэнцкі «Боінг», пару гадоў таму набыты больш чым за 100 мільёнаў даляраў у памерлага кіраўніка Туркмэністану Сапармурада Ніязава. Лукашэнка заявіў, што людзі заслужылі вярнуцца на радзіму з «максымальным камфортам». На справе аказалася, што ў Сочы паляцеў стары лукашэнкаўскі Ту-154М, які пасьля абноўкі прэзыдэнцкага авіяпарку перайшоў на балянс Савету міністраў. Ці не атрымаецца гэтак жа з абяцанымі ганарарамі? Адна толькі Домрачава настраляла на 450 тысяч даляраў, а з улікам астатніх — яшчэ 400 тысяч зьверху.

Цырымонія сустрэчы з прычыны спазьненьня была моцна скарочаная, і ўжо праз 20 хвілін атлетаў пагрузілі ў аўтобусы. Зь лётнішча яны выправіліся на менскую плошчу Перамогі, каб ускласьці кветкі да абэліска. Дарэчы, усе астатнія, хто прыехаў у аэрапорт сустракаць дэлегацыю, цягам паўгадзіны не маглі выехаць — ДАІ нікога не выпускала на трасу.

25 лютага ў Палацы незалежнасьці адбудзецца ўганараваньне пераможцаў і прызэраў Алімпіяды, якія прынесьлі Беларусі 6 узнагародаў, зь іх 5 — вышэйшай вартасьці. Домрачавай урачыста прысвояць званьне Героя Беларусі, іншыя атрымаюць ордэны і мэдалі. Кіраваць працэсам будзе асабіста прэзыдэнт краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG