Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнялі міністра-русіфікатара


Студэнцкі «помнік» міністру Табачніку ў Львове
Студэнцкі «помнік» міністру Табачніку ў Львове

Ва Ўкраіне адправілі ў адстаўку міністра адукацыі Табачніка, які ініцыяваў закон аб мове і перапісваў падручнікі па гісторыі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны сёньня працягвала звальняць урадавых чыноўнікаў, прызначаных Віктарам Януковічам – у тым ліку міністра адукацыі Дзьмітра Табачніка. Чаму многія ўкраінцы парадаваліся ягонай адстаўцы? Ва Ўкраіне, дзе пытаньні мовы, культуры, гісторыі маюць прынцыповае значэньне, Табачніка многія называюць ворагам украінкай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

З моманту свайго прызначэньня ў 2010 годзе, Табачнік імкнуўся няўхільна прынізіць ролю ўкраінскай мовы ў навучальных плянах, прыбраць патрабаваньне ведаць украінскую мову для абітурыентаў, скараціць часы вывучэньня ўкраінскай мовы і гісторыі ў сярэдняй школе.

Менш чым праз год на гэтай пасадзе Табачнік ініцыяваў перагляд у падручніках гісторыі для пятага клясу ключавых падзей у гісторыі Ўкраіны, у тым ліку Аранжавай рэвалюцыі 2004-05 гадоў. Ён таксама абвясьціў аб плянах стварыць агульны з расейцамі тэкст падручніка гісторыі, каб настаўнікі ў абедзьвюх краінах маглі па ім вучыць.

Табачнік таксама працаваў дзеля павелічэньня колькасьці расейскіх школаў, асабліва на ўсходзе Ўкраіны, дзе многія людзі традыцыйна гавораць на расейскай як на першай мове. Ён аднойчы назваў «абсалютнае дзьвюхмоўе» ў Данецку адным з самых яркіх дасягненьняў Украіны, і абвінаваціў заходніх украінцаў у хаваньні «гістарычна абгрунтаванага комплексу непаўнавартасьці».

Абурэньне супраць яго палітыкі было настолькі моцным, што студэнтка, удзельніца пратэстаў ударыла яго ў твар букетам кветак падчас сустрэчы эўрапейскіх міністраў адукацыі ў Кіеве. У 2011 годзе яго назвалі адным зь пяці найбольш актыўных украінафобаў ва Ўкраіне паводле інфармацыйнага агенцтве УНІАН.

50-гадовы Табачнік, сябра Партыі рэгіёнаў таксама зьмяншаў маштабы Галадамору у 1932-33 гадах. Паводле розных ацэнак ад 3 да 10 мільёнаў чалавек загінулі ў выніку Галадамору, Табачнік называў гэтыя лічбы перабольшанымі.

Яшчэ адна заява Табачніка абурыла студэнтак ў 2012 годзе. Ён заявіў, што жанчыны, якія абараняюць вучоныя ступені, «менш прывабныя», чым іншыя ўкраінскія жанчыны.

У тым жа годзе Табачніка абвінавацілі ў карупцыі пасьля куплі няякасных школьных аўтобусаў, адзін зь якіх, як паведамляецца, загарэўся падчас візыту Табачніка ў школу ў Кіеве.

Апазыцыйныя дэпутаты ўжо скасавалі прынамсі адзін закон, прыняты пад уплывам Табачніка ў 2012 годзе – аб дзяржаўнай мове, які абвясьціў расейскую мову афіцыйнай рэгіянальнай мовай ва ўсходняй і паўднёвай Украіне. Вярхоўная Рада да гэтага часу не назвала, хто заменіць Табачніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG