Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домрачава і палітвязьні. Ці павінны спартоўцы любіць «нашу» Беларусь


Віктар Дзятліковіч

Віктар Дзятліковіч

У спрэчках пра Алімпіяду ўжо амаль не кранаюць тэму неабходнасьці натуралізацыі замежных спартоўцаў, і галоўнае сёньня ў абмеркаваньнях – магчымасьць маральнага выбару і грамадзянскага ўчынку беларускіх чэмпіёнаў.

Вось, тройчы палітвязень Андрэй Клімаў лічыць, што каб стаць сапраўднай гераіняй Беларусі, Дар’я Домрачава мусіць запатрабаваць вызваленьня палітвязьняў. Прыблізна пра тое ж гаворыць мой калега Віталь Цыганкоў, сыходзячы зь лёгікі: калі б яна прапанавала, «хто б яе не паслухаўся?».

Пра натуралізацыю і сапраўды казаць няма чаго. Сьвет глябалізуецца. Расейцы «дораць» чэмпіёнак і чэмпіёнаў Славаччыне, Швэйцарыі і Беларусі, а самі, між тым, атрымліваюць больш паловы залатых узнагародаў з дапамогай карэйца, амэрыканца ды ўкраінкі. Тое ж самае адбываецца зь іншымі краінамі. Ня чулі: у Бразыліі пачаліся размовы пра тое, каб знайсьці і натуралізаваць добрага цэнтральнага нападніка для футбольнай зборнай. У Бразыліі! У футбольнай зборнай!! Можа зьявіцца іншаземец!!! Поўная капітуляцыя звыклых уяўленьняў пра нацыянальнасьць у спорце.

Таму пра месца нараджэньня забываемся. А што ж да грамадзянскай пазыцыі? Я б сфармуляваў два пытаньні – ці варта чакаць моцных грамадзянскіх, палітычных учынкаў ад спартоўцаў увогуле і ад «новых грамадзянаў» у прыватнасьці.

Вы пэўна ведаеце, што ў расейскага фігурыста Плюшчанкі выдатны трэнэр Аляксей Мішын. Але мо ня чулі, якія па-сутнасьці абразьлівыя характарыстыкі выдае ён час ад часу свайму вучню. У журналісткі Алены Вайцэхоўскай прачытаў – пад час Алімпіяды ў Турыне, калі Плюшчанка з залатым мэдалём адразу паляцеў у Піцер толькі таму, што так запатрабавала ягоная жонка, Мішын зьдзіўляўся – што жанчыны ўвогуле ў ім знаходзяць? Маўляў, аб чым можна размаўляць з чалавекам, які мае толькі шэсьць клясаў адукацыі? А пазьней даводзіў той жа журналістцы, што наўмысна ня вучыць сваіх спартоўцаў прымаць будзь якія самастойныя рашэньні, нават самыя нязначныя – бо так імі лягчэй кіраваць.

Ці ўсе спартоўцы – людзі настолькі залежныя ад чужой думкі, і такія ж ідыёты, як Плюшчанка ва ўяўленьні ягонага настаўніка? Не. Але пагадзіцеся, «вялікі спорт» – спэцыфічны сьвет. Ты зь дзяцінства адарваны ад сям’і, нармальнага асяродзьдзя, грамадзкага жыцьця. Ці шмат шанцаў у такіх умовах сфармавацца грамадзянскай пазыцыі? Ёсьць вялікі сумнеў.

Вы мне можаце прывесьці прыклад украінскай лыжніцы Багданы Мацецкай, якая на знак пратэсту пакінула Алімпіяду пад час крывавых падзей на Майдане. Але заўважце, што зрабіла яна гэта разам з бацькам – уласным трэнэрам, які таксама выказаў сваю палітычную пазыцыю. Значыць, чалавек усё сваё спартовае жыцьцё знаходзіўся пад бацькоўскім уплывам, меў магчымасьць фармаваць уласную думку наконт ня толькі спорту.

А чым займалася ў гэты час прыгожая і прыемная дзяўчына Надзея Скардзіна? Яна выступала ў лыжных спаборніцтвах на першынство Ленінгардзкай вобласьці. І перажывала за дрэнныя вынікі. І, пераходзячы ў беларускую рэчаіснасьць, «мяняла лыжы на біятлён, а не Расею на Беларусь». Вось і ўся розьніца.

Калі ўжо перайшлі да «новых грамадзянаў», вось вам інфармацыя да роздуму. Пяць залатых мэдалёў на дваіх для зборнай Расеі заваявалі прадстаўнікі дэмакратычных па нашых уяўленьнях краінаў – ЗША і Карэі. Больш таго, «бог шорт-трэку» Віктар Ан, мяркую, добра ведае ня толькі пра тое, што такое дэмакратыя, але і што такое жорсткая дыктатура (ён нарадзіўся яшчэ за часамі рэжыму Чон Ду Хвана, і калі нават нічога ня памятае праз малалецтва, пэўна ж вывучаў гісторыю сваёй краіны ў школе).

Паралельна з Алімпійскімі гульнямі у Расеі йшоў палітычны працэс над «вязьнямі Балотнай». Сёньня вынесеныя даволі жорсткія прысуды амаль усім фігурантам. Ані Віктар Ан, ані Вік Уайлд не ўзгадалі пра гэта ні слова. Пераехаўшы ў Расею, яны нават у думках ня мелі жаданьня разабрацца ў мясцовых палітычных рэаліях, вызначыцца ў палітычных сымпатыях і заняць грамадзянскую пазыцыю. Упэўнены, хто такія Навальны, Рыжкоў ці Нямцоў яны і ведаць ня ведаюць і не імкнуцца.

Іх запрасіла да сябе Расея Пуціна, яна забясьпечыла ім умовы для трэніровак і магчымасьць ажыцьцявіць мару. «А палітвязьні? Не, ня бачыў…»

Так што я пакідаю ў спакоі Дар’ю Домрачаву. Спадзявацца на грамадзянскі ўчынак спартоўца мы можам заўсёды. Патрабаваць яго – не. Урэшце, Верай Часлаўскай* назвалі ў свой час зусім іншага чалавека. У беларускіх спартоўцаў іншыя прозьвішчы.



*Чэхаславацкая гімнастка, сяміразовая алімпійская чэмпіёнка, выступіла супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Сымбаль барацьбы за незалежнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG