Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 90% акругаў у Беларусі падчас мясцовых выбараў застануцца безальтэрнатыўнымі. Гэта стала вядома пасьля заканчэньня працэсу рэгістрацыі кандыдатаў. На 18 тысяч мандатаў застаецца 22 тысячы прэтэндэнтаў.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак сёньня паведаміў журналістам пра свае назіраньні і высновы, зробленыя на падставе вынікаў рэгістрацыі кандыдатаў:

«У нас, калі ўзяць у сярэднім па краіне, толькі 1,2 кандыдата на месца. Выбары па пераважнай бальшыні акругаў будуць безальтэрнатыўнымі. Толькі ў крыху больш як 10% акругаў будзе некалькі кандыдатаў.

Але пры гэтым няма ніводнай акругі, дзе б не было прэтэндэнта наагул. Атрымліваецца, што нейкім стыхійным шляхам грамадзяне „закрылі“ ўсе акругі. Адсюль і вельмі вялікая падазронасьць, што насамрэч мы бачым вельмі кіраваны працэс. Бо вельмі мала верагоднасьці, што кандыдаты маглі б так разьмеркавацца чыста стыхійным шляхам».

Дзіўнымі выглядаюць і вынікі рэгістрацыі тых, хто вылучаўся праз збор подпісаў выбарцаў, — канстатаваў Алег Гулак:

«Калі агульны працэнт рэгістрацыі праз збор подпісаў склаў 98%, то для сябраў незарэгістраванай партыі БХД — толькі 32%, а для прадстаўнікоў руху „За свабоду“ — 43%. І гэта пры тым, што яны маюць і досьвед удзелу ў выбарах наагул, і афармленьня дакумэнтаў — у прыватнасьці. І, вядома, тут просяцца пэўныя высновы, чаму так адбываецца».

Аднак канкрэтных прыкладаў парушэньня працэдуры рэгістрацыі ў праваабаронцаў няма. І не таму, што парушэньняў не было. А таму, што ніводнага назіральніка ад грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не дапусьцілі назіраць за праверкай дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў, — заявіў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:
Стопрацэнтна нашым назіральнікам было адмоўлена прысутнічаць падчас праверкі подпісаў

«Стопрацэнтна нашым назіральнікам было адмоўлена прысутнічаць падчас праверкі подпісаў. А гэтая працэдура вельмі дакладна прапісаная ў Выбарчым кодэксе, як яна павінна адбывацца. Але ацаніць, наколькі камісіі кіраваліся гэтымі працэдурамі, наколькі яны іх выконвалі, наколькі яны не адыходзілі суб’ектыўна да праверкі тых ці іншых подпісаў, мы ня можам. Выходзіць, што вялікі этап выбарчай кампаніі застаўся закрытым і непублічным татальна, на 100%».

Праваабаронца Павал Левінаў кажа: каля дзесяці чалавек зь Віцебску падалі скаргі на адмовы ў рэгістрацыі з адной прычыны:

«Сябры выбарчых камісіяў правяралі сапраўднасьць подпісаў. Яны пыталіся ў грамадзян, ці сапраўды тыя падпісваліся за такога кандыдата. Тыя адказвалі: так, падпісваліся. Іх зноў пыталіся: а вы можаце гэта пацьвердзіць? Тыя адказвалі: можам. І тады ім давалі спэцыяльны блянк. Людзі расьпісваліся, не чытаючы, бо давяралі сябрам камісіяў. А ў блянку было напісана, што гэтым пацьвярджаю: дату альбо подпіс ставіў ня ўласнай рукой.

Цяпер кандыдаты зьбіраюць у такіх людзей тлумачэньні. Але ці пасьпеем мы іх перадаць у абласную камісію, невядома».
XS
SM
MD
LG