Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вуліцы Янкі Маўра: Можа, гэта майданаўцы падпалілі?


У Менску затрыманы чалавек, якога падазраюць у шматлікіх падпалах аўтамабіляў у ноч на 23 лютага ў адным са спальных раёнаў Менску. Сярод вэрсіяў наконт прычын — і крымінальная, і зьвязаная з падзеямі ўва Украіне.

У сувязі з падпаламі аўтамабіляў у ноч на 23 лютага ў інтэрнэце называліся дзевяць менскіх адрасоў. Такіх, як вуліца Янкі Маўра, 20; Адоеўскага, 99; праспэкт Пушкіна, 23. Хто ведае Фрунзенскі раён сталіцы, адразу зьверне ўвагу на тое, што ўсе яны непадалёк адзін ад аднаго. Заяжджаю ў двор дома № 99 па Адоеўскага і хутка знаходжу спалены БМВ. Ад аўтамабіля засталіся толькі жалезны корпус і медныя драты ды спружыны ўсярэдзіне. Іншамарка побач таксама пацярпела — у яе абпалены левы бок. Запіска на спаленым аўто сьведчыць, што ўладальнік шукае сьведак здарэньня.

Жыхар дома насупраць, Вячаслаў, кажа:

«5-я гадзіна раніцы была. Полымя вышэй за дом. Гарэў аўтамабіль. Прычын, натуральна, ня ведаем. Мяркую, як звычайна ў нас — ці былыя зэкі, ці яшчэ хто падпаліў. Няма чаго рабіць людзям. Ходзяць тут і дэманструюць сваё «я».

Паводле Вячаслава, у гэтым двары не было праблемаў з паркоўкай аўтамабіляў. Вэрсія пра тое, што падпалы — пратэст супроць перагружанасьці двароў аўтамабілямі, — няслушная, мяркуе Вячаслаў.
Гаспадар шукае сьведак
Гаспадар шукае сьведак

Побач з домам № 20 на вуліцы Янкі Маўра стаіць яшчэ адна спаленая іншамарка. Жыхар дому лічыць, што гэта зрабіў рабаўнік: краў нешта з аўтамабіляў і падпальваў, каб зьнішчыць сьляды.

Яшчэ адну вэрсію выдаў нецьвярозы працаўнік мясцовага ЖЭСу: «Можа, гэта падпалілі майданаўцы, якія з Кіева вярнуліся?» Пра паходжаньне такой вэрсіі чалавек у зялёнай куртцы з чырвонай паласой нічога не патлумачыў.

Неўзабаве стала вядома, што міліцыя затрымала чалавека, які падазраецца ў падпале аўтамабіляў. У паведамленьні сьцьвярджаецца, што ён жыхар вуліцы Янкі Маўра, прычым раней судзімы за крадзяжы ды іншыя злачынствы.

«Цяпер вядома пра 12 аўтамабіляў, якія, паводле папярэдніх дадзеных, з 4:00 да 5:30 былі часткова пашкоджаныя ці цалкам зьнішчаныя агнём. Падазроны затрыманы ў стане алькагольнага ап’яненьня, узятыя пробы на наркотыкі, але дадзеных пакуль няма. Вядзецца допыт падазронага», — паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў. Паводле Аляксандра Герасімава, распачатая крымінальная справа паводле 218 артыкула Крымінальнага кодэксу.

Страты, якія нанёс падпальшчык, ацэньваюцца сама меней у 200 мільёнаў рублёў, што лічыцца асабліва вялікім памерам. За такое злачынства закон прадугледжвае да 12 гадоў зьняволеньня. У Сьледчым камітэце кажуць, што затрыманы дае паказаньні, але пра прычыны ягонага вандалізму нічога не паведамляюць.
У Менску за адну ноч спалілі тузін машын
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:53 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG