Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павысіў абвінаваўцу Канавалава і Кавалёва


Аляксей Стук

Аляксей Стук

Аляксей Стук, пракурор па справе Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, згодна з прэзыдэнцкім указам павышаны да 3-й клясы дзяржаўнага дарадцы юстыцыі.

Намесьнік генпракурора Аляксей Стук — у сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу.

Ён вядомы як дзяржаўны абвінаваўца па справе аб выбуху ў менскім мэтро. Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва асудзілі на сьмяротную кару.

Аляксей Стук неаднаразова камэнтаваў у СМІ ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў, цьвердзячы, у прыватнасьці, што ўтрыманьне Мікалая Статкевіча і Алеся Бяляцкага адпавядае ўчыненым імі злачынствам, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Будучы намесьнікам пракурора Менску ў 2008 годзе, Аляксей Стук падпісваў санкцыі на правядзеньне ператрусаў у рэдакцыях незалежных СМІ.


Справа Канавалава і Кавалёва


11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела больш за 300 чалавек.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Канавалава і Кавалёва вінаватымі ў тэрарызьме і прысудзіў ім сьмяротнае пакараньне.

17 сакавіка 2012 году стала вядома, што Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва расстралялі.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі ня раз заклікалі не караць сьмерцю Кавалёва і Канавалава, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
XS
SM
MD
LG