Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разам з абласным кіраўніком арганізацыі Ўладзімерам Вуекам сёньня падалі ў берасьцейскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне ў цэнтры Берасьця 10 сакавіка шэсьця ў падтрымку Эўрамайдану.

Паводле ініцыятараў, падчас шэсьця мяркуецца выказаць салідарнасьць з украінскім Эўрамайданам і пажадаць украінцам, каб ідэі, якія гучалі на Эўрамайдане, былі рэалізаваныя.

«Я лічу, што сёньня нам трэба абараняць украінскі Эўрамайдан у Беларусі. Таму што прапаганда моцна працуе, ствараючы тлум у галовах людзей. Таму нам трэба ісьці да людзей і тлумачыць, што там насамрэч адбывалася і адбываецца. Цікава адзначыць, што ў гарвыканкаме нас сустрэлі вельмі ветліва, чыноўнікі дэманстравалі павышаную цікавасьць да нашай заявы. Вядома, верагоднасьць, што шэсьце дазволяць, як заўсёды невысокая, але разам з тым я думаю, што нават тое, што пра гэта будуць гаварыць чыноўнікі, — для нас станоўчы факт», — сказаў Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Радыё Свабода.

Лябедзька разам са сваімі паплечнікамі сёньня ў Берасьці зьбіраецца ладзіць пікет у межах агітацыйнай кампаніі. Ён кажа, што ўкраінская тэма цяпер надзвычай папулярная сярод выбарцаў, таму палітыкі мусяць першымі ініцыяваць яе абмеркаваньне:

«Ідэі Эўрамайдану — абсалютна прымальныя для Беларусі. Гэта трэнд імкненьня да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і стандартаў. Гэта ўсё абсалютна патрэбна Беларусі. І пра гэта трэба гаварыць. Але атрымліваецца, што пакуль ёсьць хворыя на ўладу правіцелі, то будуць і ахвяры. Мы, дэмакратычныя палітыкі, самі павінны ставіць на парадак дня гэтую тэму і тлумачыць людзям нашу пазыцыю. Тым больш што прапаганда таксама будзе гэта рабіць на сваю карысьць», — дадаў лідэр АГП.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG