Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Украіны: Януковіч абвешчаны ў вышук


Адпраўлены ў адстаўку прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч абвешчаны ў вышук, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook упаўнаважаны па кантролі за дзейнасьцю МУС Арсен Авакаў.

«Узбуджаная крымінальная справа па масавых забойствах мірных грамадзян. Януковіч і шэраг іншых службовых асобаў абвешчаныя ў вышук», — напісаў Авакаў.

Арсен Авакаў

Арсен Авакаў

Таксама Авакаў расказаў пра апошнія перамяшчэньні Януковіча:

«Усю ноч разам з кіраўніком СБУ Валянцінам Налівайчанкам займаліся ўрэгуляваньнем сытуацыі ў Севастопалі і... пошукам экс-кіраўніка дзяржавы.

21-га, у пятніцу, В. Ф. Януковіч, у суправаджэньні А. П. Клюева, вылецеў верталётамі з Кіева ў Харкаў, маючы намер узяць удзел у зьезьдзе дэпутатаў Партыі рэгіёнаў у Харкаве.

22-га, у суботу, Януковіч, пераначаваўшы ў дзяржрэзыдэнцыі ў Харкаве, адмовіўся ад удзелу ў зьезьдзе, запісаў відэазварот і верталётамі паляцеў у аэрапорт Данецку.

Па прыбыцьці ў аэрапорт Данецку, разам з аховай, зь верталётаў перасеў на два прыватныя самалёты тыпу „Фалькон“. Спрабаваў вылецець. Памежная служба перашкодзіла вылету.

Пасьля чаго Януковіч адбыў у дзяржрэзыдэнцыю ў Данецку, дзе і прабыў некалькі гадзін.

Позьнім вечарам 22-га аўтамабілямі, без суправаджэньня ДАІ, картэж Януковіча адбыў у Крым.

23-га прыбыў у Крым. Спыніўся ў адным з прыватных санаторыяў, наўмысна ігнаруючы дзяржаўныя спэцаб’екты, у тым ліку — спэцыялізаваную прэзыдэнцкую дзярждачу, на якую раней меркаваў прыбыць.

Даведаўшыся пра рашэньні парлямэнту аб прызначэньні в.а. прэзыдэнта Ўкраіны Турчынава А. В. і аб вылеце ў Крым новапрызначаных кіраўнікоў МУС і СБУ, Януковіч сьпешна пакінуў прыватны санаторый у кірунку аэрапорту Бельбек, у якім да гэтага часу ўжо знаходзіліся мы з Налівайчанкам.

У 23:50 Януковіч, не даяжджаючы да аэрапорту Бельбек, спыніўся ў прыватнай рэзыдэнцыі ў раёне Балаклавы. Сабраў сваю ахову — спытаў, „хто зь ім будзе ў суправаджэньні далей“, а „хто застанецца тут“. Частка супрацоўнікаў упраўленьня дзяржаўнай аховы выказала жаданьне „застацца тут“. Януковіч, разьвітаўшыся зь імі, перадаў афіцыйную адмову ад дзяржаўнай аховы (прыкладаю скан).

Супрацоўнікі ўпраўленьня дзяржаўнай аховы, якія ня рушылі за ім, забралі ўсю дзяржаўную зброю для перадачы яе ў крымскае аддзяленьне УДА».

З астатняй часткай аховы Януковіч у суправаджэньні Клюева трыма машынамі адбыў у невядомым кірунку, адключыўшы ўсе віды сувязі".

У мінулую суботу Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла пастанову аб самаўхіленьні Януковіча ад выкананьня канстытуцыйных абавязкаў і прызначыла датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары на 25 траўня.

XS
SM
MD
LG