Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За салідарнасьць з Майданам гомельскаму актывісту пагражаюць крымінальнай справай


У Цэнтральным раённым аддзеле міліцыі Гомеля ў дачыненьні да затрыманых напярэдадні грамадзкіх актывістаў Андруся Цянюты, Натальлі Крывашэй і Станіслава Булы складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне парадку арганізацыі масавых меракрыемстваў — артыкул 23.34.

Цянюта заявіў Свабодзе:

«22 лютага ў суседняй з намі Ўкраіне быў дзень жалобы. На знак салідарнасьці мы й прышлі ўвечары да знаку „Нулявы кілямэтр“, каб таксама ўшанаваць памяць загіблых у Кіеве на Эўрамайдане ўкраінцаў, у тым ліку і нашага земляка, ураджэнца Гомеля Міхаіла Жызьнеўскага. Я не лічу гэтага масавым мерапрыемствам. Мы паклалі да знака сьпісы загіблых, украінскі сьцяжок, кветкі й запалілі сьвечкі. Нават ня ўсе гэта пасьпелі зрабіць, бо наляцелі міліцыянты і забралі нас у пастарунак. Трымалі там нас каля дзьвюх гадзінаў, склалі пратаколы і адпусьцілі».

У дачыненьні да чацьвёртага затрыманага, Кастуся Жукоўскага, які фатаграфаваў маладзёнаў і таксама быў дастаўлены ў міліцыю, супрацоўнік Цэнтральнага РАУС А. Бельскі вынес пастанову паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу аб пагрозе прымяненьня гвалту да супрацоўніка міліцыі.

Жукоўскі адзначыў у інтэрвію Свабодзе, што ён мог напалохаць міліцыянтаў заявай пра магчымасьць зрабіць іх неўязнымі ва Ўкраіну:

«Мая „пагроза“ заключалася ў тым, што я сказаў міліцыянтам, якія нас затрымлівалі й складалі пратаколы: трэба папярэдзіць грамадзкасьць Украіны, каб адпаведныя органы забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю гомельскім міліцыянтам, якія перашкодзілі ўшанаваць памяць ахвяраў Эўрамайдану. Міліцыянты вельмі занерваваліся з гэтай прычыны і склалі такую недарэчную пастанову».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG