Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры ўхваліў намаганьні Вярхоўнай Рады, а Лаўроў асудзіў апазыцыю


У тэлефоннай размове 22 лютага Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і міністар замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Лаўроў абмеркавалі сытуацыю ва Ўкраіне.

Джон Кэры ўхваліў намаганьні легітымнай Вярхоўнай Рады на чале зь яе новым сьпікерам Аляксандрам Турчынавым. Дзяржсакратар ЗША таксама адзначыў, што пасьля ад’езду Віктара Януковіча сытуацыя ў Кіеве застаецца спакойнай, паведамляе ВВС.

«ЗША, Расея, Эўразьвяз і міжнародныя арганізацыі павінны заахвочваць кіраўніцтва Ўкраіны адмовіцца ад гвалту і дээскаляцыі напружанасьці ў грамадзтве. Неабходна ў кароткія тэрміны сфармаваць кааліцыйны ўрад, прызначыць датэрміновыя выбары, правесьці канстытуцыйную рэформу», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў меркаваньне, што сытуацыя ва Ўкраіне «рэзка дэградавала з-за няздольнасьці або нежаданьня апазыцыйных сіл паважаць дасягнутыя дамоўленасьці».

«Незаконныя экстрэмісцкія групоўкі адмаўляюцца здаць зброю і фактычна бяруць Кіеў пад свой кантроль, а апазыцыя, што засядае ў Вярхоўнай Радзе, ім у гэтым патурае», — адзначыў Лаўроў.
XS
SM
MD
LG